Артыкулы: Гогаль Іона Пятровіч

Гогаль Іона Пятровіч (?—каля 1602), дзеяч праваслаўнай, потым уніяцкай царквы. З кобрынскага шляхецкага роду Гогаляў (Гогалевічаў). Як мяркуецца, быў вылучэнцам епіскапа луцкага і астрожскага Кірылы Цярлецкага, які бачыў у Г. памочніка ў справе заключэння уніі паміж правасл. царквой Рэчы Паспалітай і каталіцтвам і абяцаў яму месца пінскага і тураўскага епіскапа. У студз. 1572 як архімандрыт кобрынскі заключыў пагадненне з берасцейскім кашталянам Іванам Гайкам аб супольным валоданні млынам і карыстаннем р. Трасцяніца. У снеж. 1594 Г. як архімандрыт Кобрынскага Спаскага манастыра і епіскап-намінат пінскі ўдзельнічаў у сустрэчы Цярлецкага з каталіцкім луцкім біскупам Бярнардам Маціёўскім у Торчыне пад Луцкам, падпісаў дакумент аб далучэнні да уніі. У 1595 пад патранатам Г. у Кобрыне адбыўся з’езд епіскапаў, якія выступалі за унію. У чэрв. 1595 удзельнічаў у з’ездзе епіскапаў у Берасці, дзе былі ўстаноўлены умовы уніі. Падпісаў зварот да рымскага папы Клімента VІІІ аб уніі 12(22).6.1595. Пасля смерці пінскага і тураўскага епіскапа Лявонція Пялчынскага (жн. 1595) Г. атрымаў каралеўскую намінацыю на на епіскапства (з рэкамендацыямі Іпація Пацея і Кірылы Цярлецкага) з умовай, што ён адмовіцца да Кобрынскай архімандрыі на карысць Цярлецкага і будзе ў уніі з рымскім папам. Удзельнічаў у саборы, дзе была прынята Берасцейская унія 1596, падпісаў адпаведныя дакументы. Разам з інш. епіскапамі-уніятамі быў пракляты правасл. удзельнікамі сабора.

Літаратура:

Дмитриев М.В., Флоря Б.Н., Яковенко С.Г. Брестская уния 1596 г. и общественно-политическая борьба на Украине и в Белоруссии в конце XVI—начале XVII в. Ч. 1. Брестская уния 1596 г.: Исторические причины. М., 1996;

Ґудзяк Б. Криза і рєформа: Київська митрополія, Царгородський патріархат і генеза Берестейської унії. Львів, 2000.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.