Артыкулы: Гомель

Гомель (цяпер горад, цэнтр вобласці і раёна Рэспублікі Беларусь), горад у Рэчыцкім пав., на р. Сож. Упершыню ўпамінаецца пад 1142 як горад Чарнігаўскага княства. З сярэдзіны 14 ст. ў складзе ВКЛ. У канцы 14 ст. Г. валодаў падольскі князь Фёдар Карыятавіч. У «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец 14 ст.) упамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. Цэнтр Гомельскай воласці. У 1446 вял. князь Казімір аддаў Г. разам са Старадубам, Бранскам і Мсціславам уцекачу з Маскоўскай дзяржавы князю Васілю Яраславічу Серпухаўска-Бораўскаму, а пасля яго вяртання ў Расію (1447?) — вял. князю Свідрыгайлу, які валодаў Г. і Гомельскай воласцю да смерці (1452). Пасля Г. быў падараваны ў вотчыну князю І.А.Мажайскаму, які ў 1454 таксама ўцёк з Маскоўскай дзяржавы (памёр да 1483). Яго сын С.І.Мажайскі ў час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 перайшоў у 1500 разам з Г. на бок маскоўскага вял. князя Івана ІІІ. Пасля смерці С.І.Мажайскага Г. валодаў яго сын В.С.Мажайскі (памёр у 1519). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 Г. двойчы ў 1515 і 1516 ваявалі войскі ВКЛ. У вайну Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1534—37 Г. пасля некалькіх дзён аблогі 17.7.1535 узяты войскам ВКЛ на чале з вял. гетманам Ю.Радзівілам. З 1535 Г. — цэнтр дзярж. Гомельскага стараства, з 1565 у Рэчыцкім пав. 21.3.1560 горад атрымаў пячатку і герб — выяву крыжа. З сярэдзіны 16 ст. разам з Гомельскім замкам упамінаюцца інш. гарадскія ўмацаванні. Г. быў абкружаны земляным валам, наверсе яго стаялі драўляныя сцены-гародні і вежы. Існавалі брамы: Чачэрская, Магілёўская, Рэчыцкая і Водная (выходзіла на прыстань). З канца 15 ст. ўпамінаецца замкавая Мікольская царква, з сярэдзіны 16 ст. — гарадская Прачысценская (Раства Багародзіцы), Троіцкая і Спаская цэрквы. У Інфлянцкую вайну 1558—82 Г. у 1581 штурмавалі рас. войскі і горад быў спалены (жыхары схаваліся ў замку). Тое ж адбылося ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, калі Г. у 1633 ваявалі казацкія сотні Б.Булгакава і І.Ярмоліна. У пач. 17 ст. рабіліся спробы ўвесці ў Г. царкоўную унію. У 1621 уніяцкі архіепіскап І.Кунцэвіч зачыніў Мікольскую царкву, аднак хутка яна зноў была адчынена як праваслаўная. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 Г. заняты 4.7.1648 укр. казакамі палкоўніка Я.Галавацкага і мясц. сялянамі, якія разрабавалі маёмасць заможных гараджан. Пасля адклікання Галавацкага вясной 1649 у Г. уступіў чарнігаўскі палкоўнік М.Нябаба. У 1651 урадавая ўлада над Г. адноўлена. У чэрв. 1651 Г. беспаспяхова штурмавалі ўкр. казакі (гл. Гомеля абарона 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 казацкае войска (каля 20 чыс.) пад камандаваннем наказнога гетмана І.Залатарэнкі ў жн. 1654 пасля 1,5-месячнай аблогі захапіла Г. У 1660 цар Аляксей Міхайлавіч аддаў Г. брату загінуўшага гетмана В.Залатарэнку, але той не здолеў умацавацца там, бо горад захоплены казацкім войскам А.Мурашкі, што дзейнічаў на баку Рэчы Паспалітай, але праводзіў самастойную палітыку. Паводле Андросаўскага пераміря 1667 Г. застаўся ў складзе ВКЛ. У 1672 Мурашка перайшоў на службу да цара, і ўлада ВКЛ над Г. адноўлена. У 1681 у горадзе 165 дымоў. З канца 16—пач. 18 ст. ў Г. сяліліся стараверы — уцекачы з Расіі. Побач з замкам яны заснавалі Спасаву слабаду з Праабражэнскай царквой (фармальна слабада ў склад горада не ўваходзіла). У час Паўночнай вайны 1700—21 у Г. размяшчаліся рас. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706), пасля перамогі ў бітве каля в. Лясная (1708) яны праходзілі праз горад. З пач. 18 ст. ў Г. вядомы касцёл. У 1701 згарэла Мікольская царква, пасля адбудовы яна з 1717 уніяцкая, пры ёй дзейнічаў базыльянскі манастыр. У 1737 згарэў амаль увесь горад (акрамя замка) з Троіцкай, Спаскай і Прачысценскай правасл. цэрквамі. Дазвол на іх адбудову дадзены ў 1756. Стараверы на Спасавай слабадзе ў 1737 пабудавалі пры манастыры царкву Ільі-прарока. У 1764 слабада спалена рас. войскамі, а яе жыхары вывезены ў Расію. У 1765 у Г. 206 дымоў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Виноградов Л. Гомель: Его прошлое и настоящее, 1142—1900 г. М., 1900;

Жудро Ф.А., Сербов И.А., Довгялло Д.И. Город Гомель: Географическо-статистический очерк // Зап. Северо-Западного отдела Императорского Русского Географического общества. Вильна, 1911. Кн. 2;

Макушников О.А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII века: Историко-краеведческий очерк. Гомель, 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.