Артыкулы: Гуцэвіч Лаўрын


Гуцэвіч Лаўрын (ахрышчаны 5.8.1753, в. Міганцы, Вількамірскі пав.—21.12.1798) — архітэктар.

Бацька: Шымана Масуліс, селянін. Маці: Кацярына Масулава. Прозвішча Гуцэвіч паходзіла ад хроснай маці, пазнейшай жонкі бацькі. Пасля набілітацыі 11.11.1790 Гуцэвіч атрымаў шляхецтва з гербам «Сыракомля» і стаў ужываць прозвішча Монтрым-Гуцэвіч.

Вучыўся ў піярскай школе ў Панявежы, з 1773 — у віленскіх семінарыі і акадэміі (архітэктуру вывучаў у Марціна Кнакфуса). Дзякуючы апецы віленскага біскупа Ігнація Масальскага ў 1775 выехаў у Варшаву, у 1776—1777 жыў у Рыме. Выкладаў матэматыку ў Віленскай семінарыі. З 1778 разам з Масальскім вандраваў па Еўропе (Германія, Швецыя, Данія, Францыя). У 1779—1780 вучыўся ў Парыжы (наведаў яго яшчэ раз у 1785). У 1788 уступіў у масонскую ложу «Руплівы літвін». З 1794 прафесар цывільнай архітэктуры Галоўнай школы ВКЛ. У арганізаванай Якубам Ясінскім школе корпуса артылерыі выкладаў архітэктуру і тапаграфію. Быў адным з блізкіх паплечнікаў Ясінскага па падрыхтоўцы паўстання 1794. У час паўстання ўзначаліў муніцыпальную гвардыю Вільні і камандаваў ёю ў бітве пад Соламі 26.6.1794; паранены ў баі пад Воранавам. Пасля паўстання з дазволу М.М.Рапніна працягваў выкладаць. Гуцэвіч — найбольш значны архітэктар ВКЛ, які працаваў у стылі класіцызму. Меў вялізны ўплыў на развіццё архітэктуры Вільні і Віленшчыны. Перанёс у ВКЛ дасягненні парыжскай школы класіцызму. Па даручэнні Масальскага ў 1780-х г. пабудаваў яго загарадную рэзідэнцыю ў Верках (гл. Веркаўскі палац). Аўтар праекта перабудовы Віленскай ратушы і Віленскага кафедральнага касцёла. Працаваў таксама для Радзівілаў, Сапегаў, Пацеяў, Пацаў, Храптовічаў, Хамінскіх, Сцыпіёнаў, Тызенгаўзаў, Несялоўскіх, Солтанаў, Карпяў і інш. Магчыма, аўтар перабудовы біскупскага палаца ў Вільні. На Беларусі паводле яго праекта пабудаваны Маляціцкі касцёл (умоўная копія касцёла св. Пятра ў Рыме, паменшаная ў 8,2 раза).

Падрабязнасці:

Żywot Wawrzyńca Gucewicza, architekta i professora architektury w szkole główney lilewskiey // Dziennik Wileński. Rok 1823. Tom III. Wrzesień. S. 14—50.

Łoza Stanisław. Architekci i budowniczowie w Polsce. Warszawa: Budownictwo i architektura, 1954. 425 s., il.(S. 106).

Budreika Eduardas. Architektas Laurynas Stuoka Gucevicius. Vilnius: Valstybine politines ir mokslines literaturos leidykla, 1954. 166 p.

Budreika Eduardas. Lietuvos klasicizmo architekturos kurėjas Stuoka-Gucevičius, 1753—1798. Vilnius: Mintis, 1965. 25 p., il.

Budreika Eduardas. Działalność architektoniczna Wawrzyńca Gucewicza // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historiae Artium. V. Poznań, 1991. S. 171—193.

Lorentz Stanisław. Wawrzynіec Gucewіcz // Bіuletyn Hіstorіі Sztukі. 1958. Nr 1. S. 367—380.

Drėma Vladas. Nіeznane materіały do dzіałalnoścі Wawrzyńca Gucewіcza, Piotra Rossi, Tomasza Righi oraz Karola i Kazimierza Jelskich // Bіuletyn Hіstorіі Sztukі. 1966. Nr 3—4. S. 365—372.

Свирида Инесса. Универсализм эпохи Просвещения. Масонство и Верки Вавжинца Гуцевича // Acta Academiae Artium Vilnensis. (=Vilniaus Dailės Akademijos Darbai). 32. Laurynas Gucevičius ir jo epocha. Vilnius, 2004. 195 p., pav. (С. 65—83, ил.).

Морозов Валерий. Творчество архитектора Л.Гуцевича в Беларуси // Архитектура и строительство. 2021. № 2.

© Валерый Пазднякоў, 2005+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.