Артыкулы: Гяруліс Георг (Юргіс) (Gerulis Jurgis, Gerullis Georg)
Гяруліс Георг (Юргіс) (Gerulis Jurgis, Gerullis Georg; 13.8.1888, Ёгаўдэн каля Тыльзіта, Прусія—1945), нямецкі і літоўскі мовазнавец.
Доктар філасофіі (1912). Вучыўся ў Кёнігсбергскім і Берлінскім універсітэтах. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне. У 1922—1933 выкладаў у Лейпцыгскім універсітэце (прафесар, загадчык кафедры балцкіх моў). У 1931—1933 выкладаў курс дыялекталогіі ў Каўнаскім універсітэце. У 1934 працаваў у Кёнігсбергскім універсітэце (прафесар, рэктар). З 1937 прафесар Берлінскага ўніверсітэта. З 1939 у нямецкай арміі (маёр Абвера). У 1945 арыштаваны савецкімі ўладамі. Далейшы лёс невядомы.
Даследаваў старажытную літоўскую пісьменнасць, фанетыку і дыялекты літоўскай мовы, прускую тапанімію. Падрыхтаваў фотавыданне прац М.Мажвідаса і знойдзенага ў 1921 у Кёнігсбергскім дзяржаўным архіве песенніка «Gesmes chriksczoniskas» 1566—1570: «Мажвідас. Найстаражытныя помнікі літоўскай мовы да 1570 года» (Каўнас, 1922; Гайдэльберг, 1923), хрэстаматыю «Найстаражытныя літоўскія тэксты» (Каўнас, 1927). У Вільні знайшоў перакладзеныя з латышскай мовы «Евангеллі і Пасланні» Е.Эльгера.
Творы:
Gerullis G. Die altpreußischen Ortsnamen. Berlin; Leipzig: W. de Gruyter, 1922.V, 286 S.;
Mažvydas. Seniausieji lietuvių kalbos paminklai iki 1570 metams. Kaunas: Švietimo Ministerija, 1922. XXXV, 592 p.;
Mosvid. Die Ältesten Litauischen Sprachdenkmäler bis zum Jahre 1570 / Herausgegeben von G.Gerullis. Heidelberg: Carl Winter's Universitätsbuchhandlung, 1923. XXXX, 592 S.
GerullisJ. Senieji lietuvių skaitymai. 1. Tekstai su įvadais. Kaunas: Lietuvos universiteto leidinys, 1927;
GerullisG. Litauische Dialektstudien.
Gerulis J., Stang'as Chr. Lietuvių žvejų tarmė Prūsuose. Kaunas: Švietimo ministerijos knygų leidimo komisija, 1933.XVI, 105 p.
Літаратура:
Sabaliauskas A. Keletas smulkmenų Jurgio biografijai // Lietuvių kalbotyros klausimai. Vilnius, 1996. T. 36;
Zinkevičius Z. Jurgis Gerulis — mokslininkas ir žmogus // Там жа;
Morkūnas K. Jurgio Gerulio kursai tarmėms tirti // Archivum Lithuanicum. 2.
Morgenstern U. «Jetzt ist es bloßes Vergnügen Nazi zu sein». Der Leipziger Baltist Georg Gerullis (1888—1945) zwischen Universität und NS-Politik // Journal der Universität Leipzig. 2007. H. 5 (Oktober). S.10—11;
Смирнов Н. Военные контрразведчики Беларуси. Память, люди, операции… Мн.: Белпринт, 2014.
© Валерый Пазднякоў, 2010, 2015

Моваведы ў Дзятлаве (Беларусь): Хрысціян Станг (трэці злева), Георг Гяруліс (трэці справа). 1930.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


