Артыкулы: Аланд Ян
Аланд Ян (псеўд. Трызна Пётр Казімір; каля 1559, г. Львоў—14.3.1641), дзеяч каталіцкай царквы. Каля 1586 узначаліў катэдральную школу ў Гнезне. З 1590 езуіт. Выкладаў рыторыку ў Яраслаўлі (1591—94), гуманітарныя прадметы ў Рызе. З 1600 жыў у Нясвіжы, прэфект студыяў (1604—06, 1613—14), прэфект Марыянскай кангрэгацыі (1609—13), прэфект бурсы (1618—19), інструктар 3-й прабацыі (1619—20), рэктар калегіума (1620—23). Пры двары М.К.Радзівіла Сіроткі быў прапаведнікам і выхавацелем яго сыноў. Пад псеўданімам П.К.Трызна выдаў пераклад на польскую мову 5 сярэдневяковых трактатаў, што прыпісваліся св. Аўгусціну. Аўтар кнігі «Аб цудах божых ангелаў у касцёле св. Міхаіла Архангела каля Нясвіжа» («O cudach SS. Aniolów Bożych w kościele św. Michała Archanioła blisko Nieświeża», Вільня, 1630).
Літаратура:
Paszenda J. Budowle jezuickie w Polsce XVI—XVIII w. T. 1. Kraków, 1999.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


