Артыкулы: Давыд-Гарадоцкае княства

Давыд-Гарадоцкае княства (да канца 15 ст. наз. Гарадзецкае княства), феадальная адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 14—16 ст. у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр – г. Давыд-Гарадок. Вядома з 1382, калі дачка вял. князя Альгерда Марыя выйшла замуж за гарадзецкага князя Давыда Дзмітрыевіча. Каля 1390 у дакументах згадваюцца гарадзецкія князі Іван і Юрый, напэўна, Рурыкавічы, нашчадкі мясц. дынастыі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў князь Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Магчыма, каля 1447 княства і горад атрымала ад вял. князя Казіміра жонка вял. князя Свідрыгайлы Ганна Іванаўна з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Да 1492 Казімір падараваў Д.-Г.к. выхадцу з Расіі князю Івану Васілевічу Яраславічу (гл. ў арт. Яраславічы), а пасля яго смерці (1507) яно адышло да яго сына Фёдара (памёр паміж 1520 і 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял. князю Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Барбары Сфорца (адпаведная грамата была выдадзена яшчэ ў 1519). З таго часу Д.-Г.к. – састаўная частка Пінскага княства Боны. У 1554 у Д.-Г.к. праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял. князь Жыгімонт Аўгуст перадаў яго князям Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія на аснове Д.-Г.к. і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.

Літаратура:

Леонтович Ф.И. Очерки истории литовско-русского права: Образование территории Литовского гос-ва. СПб., 1894;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Киев, 1903.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.