Артыкулы: дагавор 1325

дагавор 1325, мірнае пагадненне паміж вял. князем літоўскім Гедзімінам і каралём польскім Уладзіславам І Лакатком. Быў скіраваны супраць Нямецкага ордэна, у барацьбе з якім ВКЛ і Польшча абавязаліся аказваць адно аднаму ваенную дапамогу. На заключэнне Д. паўплывала таксама небяспека з боку Залатой арды і сумесныя інтарэсы пры падзеле ўладанняў Галіцка-Валынскага княства: напярэдадні Гедзімін далучыў да свёй дзяржавы Падляшша. Прызнаўшы гэта, Уладзіслаў І разлічваў на ваенную дапамогу з боку ВКЛ і вяртанне ліцвінамі польскіх палонных. Д. быў умацаваны заключэннем шлюбу паміж дачкой Гедзіміна Альдонай і сынам Уладзіслава І Казімірам (будучы кароль Казімір ІІІ Вялікі). Вынікам Д. стаў удзел ліцвінаў на чале з гарадзенскім старастам Давыдам у паходзе Уладзіслава І на Брандэнбург. Выконваючы ўмовы Д., у час крыжацкага нападу ў 1329 на ВКЛ войскі Уладзіслава І увайшлі ў Хэлмінскую зямлю, хоць паміж Польшчай і крыжакамі было перамір’е. Крыжакі ў адказ напалі на Куяўскую зямлю і захапілі Добжынскую зямлю. Сумесны паход войск ВКЛ і Польшчы на Хэлмінскую зямлю ўвосень 1330 скончыўся няўдачай. Пасля саюзныя адносіны паміж ВКЛ і Польшчай спыніліся.

Літаратура:

ZajączkowskiS. Przymierzepolsko-litewskie 1325 r. // Kwartalnikhistoryczny. 1926. Z. 4.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.