Артыкулы: дагавор 1366

дагавор 1366. Заключаны ў канцы жн.—вер. паміж вял. князем літоўскім Альгердам, яго братамі Кейстутам, Яўнутам і Любартам з аднаго боку і польскім каралём Казімірам ІІІ Вялікім з другога пасля паходу Казіміра на землі Галіцка-Валынскага княства. Бакі размежавалі свае ўладанні. Любарту пацверджана валоданне Луцкай зямлёй, да якой Казімір далучыў некат. ўладзімірскія воласці (Ветлы, Любязь, Мельніца і інш.). Казімір заставаўся валадаром г. Уладзімір з ваколічнымі валасцямі (Гарадло, Любомль, Турыйск, Ратна і інш.). Альгерд і Любарт саступілі Казіміру воласці Крэменец, Пярэмыль, Алеска, Белз, Грабавец, Холм, Шчабрэшын, Лапацін. Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на гарады Кейстута Берасце, Камянец, Дарагічын, Мельнік, Бельск і горад Альгерда Кобрын. Бакі ўзялі на сябе абавязак ваеннай узаемадапамогі. У Гарадле меў збірацца сумесны суд для вырашэння пагранічных спрэчак. Хоць Д. быў заключаны як «вечны мір», бакі прадугледжвалі наступны з’езд для ўдакладнення яго ўмоў. Пасля быў заключаны асобны дагавор паміж Казімірам і Любартам (яго заключэнне М.Грушэўскі адносіць да кастр. 1366, М.Доўнар-Запольскі — да 1368—69). Былі ўдакладнены граніцы ўладанняў Любарта як луцкага князя, выпрацаваны ўмовы ўзаемнага гандлю, удакладнены ваенныя абавязацельствы: Любарт не павінен быў дапамагаць Казіміру ці літ. князям у выпадку канфлікту паміж імі. Д. быў парушаны ў 1368, калі Кейстут напаў на г. Пултуск.

Літаратура:

Довнар-Запольский М. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь: (Договоры 1366 года) // Университетские известия. Киев, 1896. № 8.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.