Артыкулы: «Дадаткі да актаў гістарычных»

«Дадаткі да актаў гістарычных» («Дополнения к актам историческим, собранные и изданные Археографической комиссией», ДАИ), серыйнае выданне дакументаў па гісторыі Расіі і суседніх краін. Выдадзена Археаграфічнай камісіяй у 12 тамах у Санкт-Пецярбургу ў 1846—75. Было працягам серыйнага выдання «Акты гістарычныя». Апублікавана каля 1800 дакументаў з дзярж., мясцовых і прыватных архіваў, у т.л. са Стакгольмскага архіва. У 1-м томе змешчаны дакументы з канца 10 да 1612, у 2-ім — за 1613—45, у 3-м — за 1645—54, у 4-м — за 1655—64, у 5-м — за 1665—69, у 6-м — за 1670—76, у астатніх тамах — за 1677—1700. Апублікаваны даравальныя граматы, справаводчая і дыпламатычная дакументацыя і інш. Сярод матэрыялаў выдання — царкоўны статут Уладзіміра Святаславіча канца 10 ст., устаўная грамата Смаленскай епіскапіі 12 ст., пасланне мітрапаліта Фоція праваслаўным ВКЛ 1419 і яго павучанне з нагоды асвячэння паходнай царквы для правасл. воінаў Вітаўта, ліст Івана IV гетману Р.Хадкевічу 1578, завяшчанне Івана IV, дакументы пра Смутны час (усе ў т. 1), пра дзеянні войскаў ВКЛ на тэр. Расіі ў 1609—15 (т. 2), вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 (т. 3—5), послеваенныя адносіны дзвюх дзяржаў. Да т. 1—10 асобна выдадзены імянны і геаграфічны паказальнікі («Указатель к первым десяти томам дополнений к актам историческим», С.-Пецярбург, 1875).

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.