Артыкулы: дайнавá

дайнавá, дайнова, адно з яцвяжскіх плямён, у шырокім сэнсе ўвесь яцвяжскі племянны саюз (у разуменні літоўцаў 13 ст.). Да сярэдзіны 13 ст., магчыма, некат. дайнаўскія землі былі заваяваны Літвой, бо ў 1253 літоўскі кн. Міндоўг саступіў крыжакам палову Д. (Deynowe), а ў 1259 — усю гэту зямлю з валасцямі і населенымі пунктамі Сентане, Дэрнен, Крэсмен, Губінітэн, Вельцаве. У позніх бел.-літ. летапісах паведамляецца, што міфічны князь Трайдзень атрымаў ад брата Нарымонта зямлю яцвягаў, пабудаваў на р. Бебжа горад Райгарад і празваўся князем яцвяжскім і дайнаўскім. Т.Нарбут лакалізаваў Д. на паўд. ускраіне Літ. княства і меркаваў, што мяжой паміж ім і Гарадзенскім княствам была р. Котра. Ён лічыў, што сталіца Дайнаўскай зямлі знаходзілася каля сучаснай в. Дайнава на З ад Ліды. М.П.Барсаў меркаваў, што Дайнаўская зямля знаходзілася ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі па прытоках Нёмана — Мерачанцы, Дзітве і Жыжме (раён скаплення тапонімаў, якія ўзыходзяць да назвы Д.). Г.Лаўмянскі на падставе лакалізацыі тапонімаў граматы Міндоўга 1259 зрабіў дапушчэнне, што ў 13 ст. Дайнаўская зямля знаходзілася паміж Мазурскімі азёрамі і р. Бебжа, была паўд. часткай зямлі Судавы (Судовіі). В.В.Сядоў лічыць, што Д. належалі каменныя курганы 2-й пал. 1-га тыс. н.э. ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі, якія ў пач. 2-га тыс. трансфармаваліся ў каменныя магілы. Пасля 13 ст., Д., відаць, была асімілявана славянскім і літоўскім насельніцтвам.

Літаратура:

Łowmiański H. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. Wilno, 1932. Т. 2. С. 39—44;

Седов В.В. Ятвяжское племя Дейнова // Краткие сообщения Ин-та археологии. М., 1968. Вып. 113.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.