Артыкулы: Александровічы
Александровічы, Вітальды-Александровічы, шляхецкі род уласнага герба «Косы». У 1800 у Аўстрыі атрымалі графскі тытул, які прызнаны ў Рас. імперыі (1819, 1824, 1847). Найб. вядомыя:
Канстанцін (?—пасля 1667), гарадзенскі падстолі ў 1643 і войт у 1643—67.
Стафан Яўстафій (?—23.10.1700), гарадзенскі войт з 1669, падкаморы з 1678, маршалак з 1684, кашталян новагародскі з 1698. З 1674 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы, прыхільнік Сапегаў.
Міхал (?—пасля 1703), лідскі скарбнік, пісар земскі, харужы з 1701, маршалак з 1704. У 1693—1703 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Змагаўся супраць гегемоніі Сапегаў у ВКЛ.
Францішак Антоній (?—пасля 1795), сын Лукаша Антонія. Лідскі чашнік прыкладна з 1746, харужы прыкладна з 1769, падкаморы з 1769, маршалак з 1783, кашталян з 1793. Пасол на соймы 1750, 1766, удзельнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764.
Дамінік (?—пасля 1791), сын Лукаша Антонія. Служыў у войску, паручнік пяцігорскі, ротмістр гусарскі. Пісар земскі лідскі з 1754, канюшы ВКЛ у 1771—91. Пасол на соймы 1754, 1758, 1761, 1764, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1770. Прыхільнік Чартарыйскіх. Удзельнік Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1764. Выдаў перакладзеную Ц.Базылікам з лац. мовы на польскую кнігу А.Фрыча-Маджэўскага «Аб удасканаленні Рэчы Паспалітай» (Вільня, 1770).
Антоній Феліцыян (?—8.4.1786), сын Марціна. Абат гебдоўскі з 1777, каронны вял. духоўны пісар з 1778, сакратар Пастаяннай Рады ў 1778—80.
Ян Алойзы (1728—11.9.1781), сын Марціна. Біскуп хелмскі з 1780.
Тамаш Валяр’ян (?—29.9.1794), сын Марціна. Пасол у Стамбуле ў 1764—66, кашталян візнаўскі ў 1775—79, маршалак двара караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—84, падляшскі кашталян у 1779—90 і ваявода ў 1790—94. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Пасля Гарадзенскага сойма 1793 старшыня Вайсковага дэпартамента Пастаяннай Рады і Вайсковай камісіі. Пераклаў з франц. мовы на польскую трагедыю П.Карнеля «Геракл» (1749), ананімную франц. паэму «Клеаміра».
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне