Артыкулы: Алелькавічы (Слуцкія)

Алелькавічы, Слуцкія, княжацкі род герба «Пагоня», галіна Гедзімінавічаў. Родапачынальнік — Алелька (Аляксандр), сын Уладзіміра Альгердавіча. Некалькі разоў прэтэндавалі на трон ВКЛ. Вызнавалі праваслаўе, неаднаразова рабілі наданні цэрквам Слуцка і Кіева-Пячэрскай лаўры. Найб. вядомыя:

Алелька Уладзіміравіч (Аляксандр Уладзіміравіч; каля 1395—пасля 1.2.1455), сын Уладзіміра Альгердавіча. Пасля смерці бацькі валодаў Слуцкім і Капыльскім княствамі. У пач. 15 ст. атрымаў ад вял. кн. Вітаўта Кіеўскае княства за падтрымку ў барацьбе супраць Свідрыгайлы, але да 1422 быў зняты (як кіеўскі князь упамінаецца ў 1408—11). У 1411 выдаў прывілей Кіеўскаму кляштару дамініканцаў. У 1417 дзякуючы Вітаўту ажаніўся з яго ўнучкай Настассяй, дачкой вял. князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча і Соф’і Вітаўтаўны. Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага міру 1422, у 1428 — у паходзе Вітаўта на Ноўгарад. Пасля смерці Вітаўта (1430) прэтэндаваў на трон ВКЛ. Падпісаў як сведка перамір’е вял. кн. Свідрыгайлы з Нямецкім ордэнам 19.6.1431. У час феадальнай вайны 1432—39 спачатку быў на баку Свідрыгайлы, пасля — Жыгімонта Кейстутавіча, якому дапамагаў у Ашмянскай бітве 1432, сведка яго дагавораў з Польшчай 15.10.1432 і 20.1.1433, потым зноў Свідрыгайлы. У 1434 па загадзе Жыгімонта Алелька хадзіў паходам на Кіеў, але не дамогся поспеху. У 1434/35 Жыгімонт зняволіў Алельку ў Кернаве, а яго жонку і дзяцей — ва Уцене. Пасля смерці Жыгімонта (1440) Алелька з дзецьмі быў вызвалены панамі-радай са зняволення, зноў прэтэндаваў на трон. Новаабраны вял. кн. Казімір у 1440 перадаў Алельку Кіеўскае княства, потым г. Асцёр. Алелька валодаў таксама Лагойскам, маёнткамі каля Новагародка. Алелька выдаў уніяцкаму мітрапаліту кіеўскаму Ісідору прывілей аб недатыкальнасці яго ўладанняў і суд. прэрагатыў (1441), рабіў наданні Лаўрышаўскаму манастыру (1433/34) і Слуцкаму касцёлу (1444/45). Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Адна яго дачка была замужам за кн. Юрыем Фёдаравічам Гальшанскім, другая, Еўдакія, — за малдаўскім гаспадаром Стафанам Вялікім (шлюб адбыўся ў 1463), трэцяя, Фядора (Феадосія), — за кн. Сямёнам Юр’евічам Патрыкеевым у Маскве. Мяркуецца, што Алелька меў таксама дачок Барбару (жонка мазавецкага кн. Баляслава IV) і Аляксандру. Меў сыноў Сямёна, Міхаіла і, магчыма, Аляксандра, які ўпамінаецца ў 1455, калі паступіў у Кракаўскі ўн-т.

Сямён Аляксандравіч(каля 1420, Слуцк—4.12.1470), сын Алелькі Уладзіміравіча. Выхоўваўся пры двары бабулі, Соф’і Вітаўтаўны, у Маскве. У юнацтве быў зняволены вял. кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 1451 ажыццявіў паездку ў Маскву да вял. кн. Васіля ІІ. У 1461 на сойме ў Вільні апазіцыя патрабавала ад Казіміра, каб той прызначыў Сямёна сваім намеснікам у ВКЛ, але атрымала адмоўны адказ. Сямёў вёў паспяховую барацьбу з татарамі. Захапіў у палон хана Сеід-Ахмата пасля паражэння таго ад Хаджы-Гірэя і адправіў яго ў да вял. кн. Казіміра. Сямён адбудаваў Успенскую царкву Кіева-Пячэрскай лаўры, дзе быў пахаваны. У шлюбе з Марыяй, дачкой віленскага ваяводы Яна Гаштольда, меў сына Васіля і дачок Соф’ю (жонка цвярскога вял. кн. Міхаіла Барысавіча з 1470/71) і Аляксандру (жонка пінскага і клецкага кн. Ф.І.Яраславіча). Пасля смерці Сямёна Кіеўскае княства было пераўтворана ў ваяводства, а яго ўдава з дзецьмі як кампенсацыю атрымала 22.4.1471 Пінскае княства.

Міхаіл Аляксандравіч (?—30.8.1481), сын Алелькі Уладзіміравіча. Пасля смерці бацькі атрымаў Слуцкае і Капыльскае княствы. Быў запрошаны служылым князем у Вял. Ноўгарад, куды прыбыў 8.11.1470 як намеснік вял. кн. ВКЛ Казіміра. У яго свіце прыбыў яўрэй Схарыя, які паклаў пачатак ерасі пажыдоўленых. 15.3.1471 Міхаіл самавольна выехаў, каб авалодаць Кіевам пасля смерці брата Сямёна. Аднак Казімір ператварыў Кіеўскае княства ў ваяводства і аддаў яго М.Гаштольду. У 1476 Міхаіл падпісаў пасланне кіеўскага мітрапаліта Місаіла да рымскага папы Сікста IV з прапановамі аднавіць царк. унію. Узначаліў апазіцыю княжацкіх і магнацкіх родаў, якая хацела пазбавіць Казіміра ўлады. Аднак змова 1481 была выкрыта, і ў сярэдзіне крас. 1481 змоўшчыкі былі зняволены. Міхаіл быў абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю ў Вільні. З жонкай Ганнай меў сына Сямёна.

Васіль Сямёнавіч (?—4.6.1495), сын Сямёна Аляксандравіча. Разам з маці валодаў Пінскім княствам. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Сямён Міхайлавіч (каля 1460—14.11.1505), сын Міхаіла Аляксандравіча. Пасля смерці бацькі валодаў Слуцкім і Капыльскім княствамі. Пасля смерці вял. кн. Казіміра (1492) прэтэндаваў на трон ВКЛ, з’явіўшыся на сойм у Вільню з атрадам у 500 коннікаў, але быў абраны Аляксандр Ягелончык. Гэта выклікала варожасць паміж імі, Сямён не быў уведзены ў склад гаспадарскай рады. У 1504 і 1505 Сямён на чале слуцкага войска ўдзельнічаў у пераможных баях з крымскімі татарамі на рэках Уша і Прыпяць. Пасля яго смерці Слуцкам некат. час кіравала яго ўдава Настасся Іванаўна. Меў сына Юрыя і дачку Аляксандру (замужам за кн. Канстанцінам Іванавічам Астрожскім).

Юрый Сямёнавіч (каля 1492—17.4.1542), сын Сямёна Міхайлавіча. Пасля смерці бацькі князь слуцкі, засядаў у Радзе ВКЛ. У 1506 разам з маці бараніў Слуцк ад крымскіх татараў, у 1508 — ад маскоўскіх войск. Удзельнічаў у бітве з татарамі ва ўрочышчы Рутка за 20 міль ад Кіева (1511), у Аршанскай бітве 1514, бітве нв Альшаніцы 1527, у кампаніях 1534—35 у час вайны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1534—37. Падтрымліваў К.І.Астрожскага ў барацьбе з канцлерам А.Гаштольдам. Акрамя Слуцкага і Капыльскага княстваў валодаў Лішкавам і Весічамі (Вяйсеямі) у Гарадзенскім пав., дзе ў 1526 пабудаваў касцёл, і інш. З 1527 дзяржаўца кармялаўскі. У 1528 выстаўляў у войска ВКЛ са сваіх маёнткаў 433 коннікаў, а ў 1534 — 500. Быў жанаты з Аленай, дачкой канцлера ВКЛ А.Гаштольда.

Юрый Юр’евіч (каля 1531—9.11.1578), старэйшы сын Юрыя Сямёнавіча. Як князь слуцкі (валодаў княствам супольна з братам Сямёнам) уваходзіў у склад Рады ВКЛ. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 у 1564 і 1567 ваяваў на чале ўласных атрадаў. Прызнаў Люблінскую унію 1569, але не атрымаў месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай, якога доўга дамагаўся. У 1560-х г. даў прытулак у Слуцку рас. вальнадумцу Арцемію і яго вучням. У 1576—78 прымаў гісторыка М.Стрыйкоўскага, які карыстаўся рукапісамі слуцкай б-кі для напісання сваёй «Хронікі». У пасаг ад жонкі Кацярыны, дачкі кракаўскага ваяводы Станіслава Тэнчынскага, атрымаў Сямяцічы і Орлю на Падляшшы, Батаж і Краснік у Люблінскім ваяв. Валодаў таксама маёнткамі Ванева на Падляшшы, Весічы ў Гарадзенскім пав., Тонава ў Менскім пав. Пазычаў грошы вял. князю, за што атрымаў у заставу Пінскае (1559—61) і Бабруйскае (з 1561) стараствы. У 1555 выдаў дароўны ліст Кіева-Пячэрскаму манастыру, дзе быў пахаваны. Меў сыноў Юрыя, Яна Сямёна, Аляксандра.

Сямён Юр’евіч (?—жн. або вер. 1560), сын Юрыя Сямёнавіча. Валодаў супольна з братам Юрыем Слуцкім і Капыльскім княствамі і маёнткамі на Украіне. Жанаты з Гальшкай, дачкой кн. І.К.Астрожскага.

Юрый Юр’евіч (17.8.1559—6.5.1586), старэйшы сын Юрыя Юр’евіча. У 1577 атрымаў ад караля Стафана Баторыя ў трыманне Бабруйск. У 1579 выехаў у падарожжа за граніцу. Наведаў Мілан, Падую, Рым, Балонню, Венецыю, Вену. У 1582 пры падзеле спадчыны з братамі атрымаў Верхні і Ніжні замкі і Старое места ў Слуцку, частку Слуцкага княства, Весічы і інш. Трымаў Магілёўскую воласць. Пахаваны ў Слуцку. У шлюбе з Барбарай, дачкой падляшскага ваяводы Яна Кішкі, меў дачку Соф’ю (гл. Радзівіл С.), да якой адышло Слуцкае княства.

Ян Сямён Юр’евіч (каля 1560—9.3.1592), сын Юрыя Юр’евіча. У 1579 выехаў на вучобу за граніцу. Наведаў Мілан, Балонню, Рым. Перайшоў у каталіцтва, атрымаўшы імя Ян (раней карыстаўся толькі імем Сямён). Пры падзеле 1582 атрымаў Новае места ў Слуцку, Капыль, Лішкаў і інш. Ажаніўся з Соф’яй, дачкой падольскага ваяводы Мікалая Мялецкага. Апошні з роду А. па мужчынскай лініі.

Аляксандр Юр’евіч (каля 1563—26.6.1591), сын Юрыя Юр’евіча. У 1579 выехаў на вучобу за граніцу. Наведаў Інгальштат (перайшоў там у каталіцтва), Страсбур, Штутгарт, Базель, Італію. Пры падзеле спадчыны ў 1582 атрымаў Востраў у Слуцку, маёнткі на Случчыне, Петрыкаўскую вол. у Мазырскім пав., Ваўкалату ў Ашмянскім пав., Сямёнавічы ў Менскім пав. Памёр у Кракаве, пахаваны ў Слуцку.

Падрабязнасці:

Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Т. 1. Одесса, 1912.

Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985.

Kałamajska-Saeed M. Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku: Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. Warszawa, 1996.

Івакін Г.Ю. Київ доби Олельковичів // Історія Русі-України: (історико-археологічний збірник). Київ, 1998.

Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań; Wrocław: Wydawnictwo Historyczne, 1999. (Biblioteka Genealogiczna. Tom 2).

Голенченко Г.Я. Литературное меценатство магнатов Беларуси середины XVI—первой половины XVII в. // Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў «Кніжная культура Рэчы Паспалітай» (Мінск, 15—16 верасня 2000 г.). Мн., 2002.

Грыцкевіч А. Юрый Юр’евіч Алелькавіч (каля 1531—1578) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2003. Вып. 2.

Kempa T. Zabiegi kniaziów Olelkowiczów słuckich o uzyskanie miejsca w senacie po 1569 roku // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. Warszawa, 2003. T. 47.

Русина О. Студії з історії Києва та Київської землі. Київ, 2005.

Глінскі Я.С. Першыя пакаленні князёў Алелькавічаў Слуцкіх у інтэлектуальнай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага XV—XVII ст. // Studia Historica Europae Orientalis. Исследования по истории Восточной Европы. Мн., 2013. Вып. 6.

Скеп’ян А.А. Князі Слуцкія. Мінск, 2013.

Мікульскі Ю.М. Некаторыя матэрыялы да гісторыі роду князёў Алелькавічаў-Слуцкіх і г. Слуцка XV—XVI ст. // Беларуская даўніна. Мн., 2014. Вып. 1.

Воронин В.А. Князья Олельковичи — претенденты на власть в Великом княжестве Литовском // Исследования по истории Восточной Европы. Мн., 2016. Вып. 9.

Мікульскі Ю.М. Наданні князёў Алелькавічаў цэрквам у Слуцку XV ст. // Беларуская даўніна. Мн., 2016. Вып. 3.

Полехов С. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века. М., 2015.

Klecha A. Przodkowie księżnej Zofii Słuckiej // Rocznik Bialskopodlaski. Biała Podlaska, 2015. T. 23.

© Валерый Пазднякоў, 2005, 2014, 2018

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.