Артыкулы: Даўмонт (Доўмент, Даўмон), легендарны князь

Даўмонт (Доўмент, Даўмон), легендарны князь. Паводле бел.-літ. летапісаў, быў 2-м сынам князя літоўскага, жамойцкага і рускага Рамана, малодшым братам Нарымонта. Пасля смерці бацькі княжыў ва Уцене. У летапісы змешчаны вял. расказ, згодна з якім Нарымонт і Д. ажаніліся з дачкамі лівонскага магістра Фляндра. Калі жонка Д. памерла, то Нарымонт паслаў на пахаванне сваю жонку — сястру нябожчыцы. Пабачыўшы яе, Д. гвалтам ажаніўся з ёю. Гэта стала прычынай вайны паміж братамі, Нарымонт сабраў вял. войска, запрасіўшы для ўдзелу ў кампаніі сваіх братоў Гедройця, Гольшу, Трайдзеня, а таксама цесця Фляндра. Кааліцыя аблажыла Д. ва Уцене, але той здолеў уцячы і з’ехаў у Пскоў, дзе мясц. жыхары абарлі яго вял. князем пскоўскім. Пасля захапіў Полацк, княжыў адначасова ў Пскове і Полацку. Пасля задумаў захапіць Літву і Жамойць, для чаго паслаў 6 мужыкоў забіць вял. князя літоўскага і жамойцкага Трайдзеня (свайго малодшага брата). Забойства ўдалося, і Д. рушыў з пскоўскім і полацкім войскам на Літву. Аднак сын Трайдзеня Лаўрыш (ён жа Рымант, Васіль), які прыняў манаства, помсцячы на за смерць бацькі, пакінуў манастыр, сабраў войска літ. паноў у выступіў супраць Д. Бітва паміж імі адбылася на беразе возера і працягвалася ад ранку да вечара. Параможаны Д. быў забіты, пасля Лаўрыш захапіў і Полацк. Відавочна, што прататыпам вобраза Д. у бел.-літ. летапісах паслужыў рэальны кн. Даўмонт, які ўдзельнічаў у забойстве вял. кн. Міндоўга і збег у Пскоў. Аднак радавод Д., абставіны яго жыцця і смерці выдуманы летапісцам. Храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі дадаў ад сябе да летапіснага расказа некаторыя падрабязнасці. Згодна з яго думкай, пасля смерці бацькі Д. — Ромунта — яго сыны сабраліся на з’езд (сойм), на якім вылучылі для Д. Уцянскую зямлю, ва Уцяне Д. збудаваў замак; былі дададзены інш. падрабязнасці.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.