Артыкулы: Дашковіч (Дашкевіч) Астафій Іванавіч

Дашковіч (Дашкевіч) Астафій Іванавіч (?—да 26.2.1536), ваенны дзеяч ВКЛ, адзін з арганізатараў казацкага войска на Украіне. Паходзіў з баяр паўд. Кіеўшчыны. У 1501 названы ў рас. летапісе ваяводам вял. князя Аляксандра (відаць, ужо тады быў намеснікам крычаўскім, на гэтай пасадзе ўпомнены і ў 1503). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 войска на чале з Д. і князем М.І.Заслаўскім разбіта 4.11.1501 пад Мсціславам. У 1502—03 атрады Д. рабілі напады на маскоўскую тэрыторыю. Пасля заканчэння вайны з групай крычаўскай шляхты выехаў у Маскву, бо апасаўся смяротнага пакарання з-за паклёпу. У 1507 камандаваў конным корпусам, пасланым у ВКЛ на дапамогу мяцежнаму князю М.Л.Глінскаму. У 1508 вярнуўся ў ВКЛ, дзе яму вернуты маёнткі. Да 1510 прызначаны старастам канеўскім, а ў 1514 і чаркаскім. З гэтага часу вёў актыўную барацьбу са шматлікімі набегамі крымскіх татараў, найбуйнейшыя з якіх адбыліся ў 1518, 1527 і 1532. Для арганізацыі адпору татарам у падуладных яму гарадах уводзіў новыя падаткі, скасоўваў ільготы, падпарадкоўваў сваёй уладзе мяшчан і вольных людзей, гуртаваў вакол сябе казацтва.У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 узімку 1514—15 разам з А.Неміровічам і татарамі зрабіў паход на Ноўгарад-Северскі, а ў 1521, у час татарскага паходу на Маскву, узяў у аблогу Разань. У 1516 удзельнічаў у паходзе П.Лянцкаронскага на турэцкую крэпасць Белгарад-Днястроўскі. У 1517 быў у складзе пасольства ў Крым. На Гарадзенскім сойме 1522 прапанаваў план рэформы абароны паўд. абласцей ВКЛ ад татараў, які прадугледжваў наём на дзярж. службу казакоў. У 1522 разам з А.Гарнастаем узначаліў пасольства ў Крым, быў там затрыманы, але здолеў уцячы. У 1523 узначаліў паход на татарскі замак у нізоўях Дняпра Іслам-Кермен. Удзельнічаў у пераможнай бітве на Альшаніцы 1527. У 1529 ажыццявіў паход у Крым для падтрымкі прэтэндэнта на ханскі трон Іслам-Гірэя. З 1532 дзяржаўца чачэрскі і крычаўскі. На Пётркаўскім сойме 1533 прапанаваў план засяліць казакамі дняпроўскія астравы і зрабіць там умацаванні для барацьбы з татарамі. План быў ухвалены, але не рэалізаваны. У час вайны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржай 1534—37 удзельнічаў ва ўзяцці Старадуба.

Літаратура:

Бучинський Б. Початки полїтичної карієри Остафія Дашковича // Записки Наукового товариства імени Шевченка. 1913. Кн. 1;

Черкас Б.В. Остафій Дашкович — черкаський і канівський староста XVI ст. // Український історичний журнал. 2002. № 1.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.