Артыкулы: дзясятак

дзясятак, адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст., якая ахоплівала некалькі вёсак. Вядомы ў паветах: Берасцейскім (Падляшскі, Памухаўскі), Ваўкавыскім (Жамойцкі, Крамянецкі, Лапеніцкі, Лыскаўскі), Слонімскім (Літоўскі), Камянецкім, Новагародскім, Дарагічынскім, Пінскім, у Полацкай і Смаленскай землях, у Эйшышскай, Дубіцкай, Радунскай, Васілішскай валасцях. Найбольш захавалася звестак пра Дз. Клецкага княства ў сярэдзіне 16 ст. Яно падзялялася на 6 Дз.: Валасны (14 сёлаў), Вяжэвіцкі (9 сёлаў), Канюшскі (8 сёлаў), Малеўскі (6 сёлаў), Сіняўскі (3 сялы, 1 мястэчка), Цецераўскі (2 сялы, 1 двор); пры гэтым Малеўскі і Сіняўскі Дз. маглі адначасова называцца валасцямі. Пад час валочнай памеры ў сярэдзіне 16 ст. падзел Клецкага княства на Дз. быў заменены падзелам на войтаўствы на чале з войтамі (было створана 5 войтаўстваў). На чале Дз. звычайна стаяў дзесятнік, аднак у Клецкім княстве 3 Дз. ўзначальваліся старцамі, а яшчэ адзін — цівуном.

Літаратура:

Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. [M., 1892];

Довнар-Запольский М. Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI веке. Киев, 1905;

Груша А. Рэтраспектыўны метад у даследаванні гісторыі Вялікага княства Літоўскага // Вялікае княства Літоўскае: Метадалогія і метады даследавання. СПб., 2003;

Голубеў В.Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 2008.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.