Артыкулы: «Дзягуцкі летапісец»

«Дзягуцкі летапісец» («Хронограф, сиречь Летописец курляндско-литовский»), гістарыяграфічны твор старавераў Літвы. Ахоплівае падзеі 1652—1850, звязаныя з гісторыяй стараверскіх абшчын (федасееўскага кірунку) у Курляндыі, Літве, Беларусі, Расіі. Летапісец быў створаны ў сярэдзіне 19 ст., як мяркуецца, у стараверскай абшчыне ў в. Дзягуці (цяпер в. Дзягучай Зарасайскага р-на, Літоўская Рэспубліка). Лічыцца, што аўтар «Д.л.» — кніжнік Васіль Іванавіч Золатаў (Залатой). У летапіцы дэтальна выкладзена гісторыя стараверскіх абшчын на Пн землях Рэчы Паспалітай, якія з канца 18 ст. былі ў складзе Рас. імперыі. Расказваецца пра паходжанне царк. расколу ў Расіі ў сярэдзіне 17 ст., пра перасяленне старавераў у Курляндыю (пачынаючы з 1659) і далей у ВКЛ, іх жыццё ў ВКЛ і пад рас. уладай. Адзначаецца талерантнае стаўленне да старавераў у ВКЛ, будаўніцтва старверскіх цэркваў (у т.л. ў 1764 у Відзах), цяжкасці ў стараверскіх абшчынах пасля далучэння края да Рас. імперыі. У летапісцы ёсць звесткі пра 16 стараверскіх цэрквах і 2 абіцелях на тэр. ВКЛ. Твор напісаны кніжнай рус. мовай са шматлікімі царк.-слав. формамі, часткова размоўнай рус. мовай, мае ўстаўныя расказы, дакументы, вершаваныя творы. Летапісец — важнейшая крыніца для даследавання гісторыі старавераў на Пн землях ВКЛ. Захоўваецца ў Дрэўлехранілішчы Пушкінскага Дома ў С.-Пецярбургу, выдадзены ў 1990 і 2004.

Літаратура:

Маркелов В.Г. «Дегуцкий летописец» // Древлехранилище Пушкинского Дома: Материалы и исследования. Л., 1990;

Degučių metraštis. Chronografas, arba Kuršo ir Lietuvos metraštis. Vilnius, 2004;

Хронограф Литовский, сиречь Летописец степенный древлеправославного христианства. Вильнюс, 2011.

© Валерый Пазднякоў, 2010, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.