Артыкулы: Друцкае Евангелле

Друцкае евангелле, помнік старажытна-беларускай пісьменнасці. Напісана на мяжы 14—15 ст. Рукапіс — Евангеліе апракас поўны. Змест кнігі: евангельскія чытанні з Вялікадня да Вял. суботы, месяцаслоў, евангеллі ранішнія нядзельныя. Пісаны 8 пісцамі уставам у 2 слупкі на 188 аркушах пергаменту. На 1-м аркушы ўверсе застаўка, ёсць 54 ініцыялы тэраталагічнага стылю, выкананыя кінавар’ю з дробнай дэталёўкай жоўтай фарбай. Прыпіскі на палях 1-га аркуша — сінодзік, пералік мужчынскіх і жаночых імён для памінання ў царкве (магчыма, гэта члены роду князёў Друцкіх). Пасля асноўнага тэксту почыркам пісца кнігі зроблена вял. прыпіска, дзе паведамляецца, што ў 6909 г. пабудавана царква Багародзіцы ў Друцку, у якую уклаў Д.Е. князь Васіль Міхайлавіч з жонкай Васілісай; далей пералічаны княжацкія наданні царкве. Асаблівасці напісання года (перадача 900 праз літару Ф, а не «юс малы» або Ц) тлумачыцца змяшаннем лічбавага значэння літар «фіта» (9) і Ф (500), якія мелі аднолькавае гучанне. Ранейшае чытанне года як 6509 (1001) цяпер адкінута як супярэчнае гістарычным рэаліям. Год 6909 «ад стварэння свету» адпавядае часу 1.9.1400—31.8.1401 або 1.3.1401—28.2.1402 (у залежнасці ад таго, вераснёўскім або сакавіцкім стылем карыстаўся пісец). Іншая прыпіска паведамляе, што ў 6949 г. (1441) віленскі мешчанін Конан уклаў Д.Е. ў Васкрасенскую царкву ў Вільні. Паводле вусных паведамленняў, да 1944 рукапіс належаў уніяцкаму мітрапаліту Іосіфу Сліпаму. Пасля кніга была ў зборы акад. М.М.Ціхамірава, які завяшчаў яго Сібірскаму аддзяленню Акадэміі навук. Цяпер зберагаецца ў Дзярж. публічнай навукова-тэхнічнай б-цы Сібірскага аддзялення Рас. АН у Новасібірску (паступіла ў 1965). У 2001 Д.Е. апублікавана факсімільным спосабам з фотакопіі, што захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літаратура:

Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968;

Друцк летапісны. Друцкае евангелле. Мн., 2001;

Лосева О.В. Русские месяцесловы XI—XIV веков. М., 2001;

Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в России, странах СНГ и Балтии: XIV век. Вып. 1. М., 2002;

Панин Л.Г. Друцкое евангелие XIV в.: (К исследованию языка и состава чтений) // Вестник НГУ. Серия: история, филология. Новосибирск, 2003. Т. 2, вып. 1.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.