Артыкулы: дыярыуш

дыярыуш (ад лац. diarium дзённік), жанр гістарычна-дакументальнай прозы, у якім падзеі грамадска-палітычнага або прыватнага жыцця пададзены ў храналагічнай паслядоўнасці ў форме датаваных запісаў праз суб’ектыўнае ўспрыняцце аўтара. У ВКЛ Д. ствараліся з 16 ст. пераважна прадстаўнікамі шляхецкага саслоўя, якія адлюстроўвалі падзеі свайго гасп. і асабістага жыцця, а таксама найб. важныя паліт. падзеі. На станаўленне Д. як жанру дакументальнай л-ры ўплывалі летапісы і хронікі, у якіх у 16 ст. выявілася тэндэнцыя да «алітаратурвання» храналагічных запісаў, а таксама дзённікі соймаў і пасольстваў. У 2-й пал. 16 ст. на змену традыцыйнаму летапісанню прыйшлі разнастайныя творы ў выглядзе аглядаў, хранографаў, мемуараў, сінопсісаў, сямейных дзённікаў, у форме Д. ствараліся дзелавыя і аўтабіяграфічныя запісы, журналы падарожжаў і ваен. паходаў, мастацкія творы. Яны пісаліся па свежых слядах падзей і вылучаліся павышанай увагай да асобы чалавека, яго запатрабаванняў, імкненняў і сац. быту. Першым у ВКЛ Д. аўтабіяграфічнага характару былі т.зв. «Гістарычныя запіскі» новагародскага падсудка Ф.М.Еўлашоўскага (канец 16—пач. 17 ст.). «Дыярыуш» Афанасія Берасцейскага (Філіповіча) 1-й пал. 17 ст. — першы твор гісторыка-мемуарнага жанру на бел. мове, які мае адпаведны загаловак. Першымі мемуарнымі Д. на польскай мове ў ВКЛ былі дзённікі бацькі і сына С.І.Маскевіча і Б.К.Маскевіча. Дыярыуш С.Маскевіча — першы твор, які вылучаецца высокім мастацкім майстэрствам. Д. пакінулі Я.А.Храпавіцкі, Я.Цадроўскі, Ю.Будзіла, Я.К.Сапега, С.Я.Незабытоўскі, Я.У.Пачобут-Адляніцкі, П.К.Абуховіч (17 ст.), Ф.Шырма (18 ст.) і інш. Штодзённыя запісы нясвіжскага ардыната М.К.Радзівіла Рыбанькі займаюць 8 рукапісных тамоў (цалкам не выдадзены). Форму Д. маюць Баркулабаўскі летапіс і запіскі Б.Радзівіла («З дыярыуша горада Слуцка»). Шмат дзённікавых запісаў і мемуараў пакінулі замежныя падарожнікі і паслы, якія праязджалі праз ВКЛ: У.Кокс, І.Бернулі, Ж.Э.Жылібер, Г.Форстэр, Г.Гейкінг, П.Кампенгаўзен і інш. З сярэдзіны 18 ст. Д. ўсё больш выцясняліся ўспамінамі, заснаванымі на рэтраспектыўнай рэляцыі (успаміны М.Матушэвіча, С.Тучкова і інш.). У гэтай жанравай разнавіднасці вылучаліся ўспаміны-дзённікі, успаміны-раманы (С.Р.Пільштын), успаміны-аўтабіяграфіі (кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі), успаміны-генеалогіі (І.І.Ю.Храптовіч) і інш. Дзеянні рас. войск у перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай адлюстраваны ў дзённіках рас. генералаў П.М.Крачэтнікава (1767—68) і М.М.Крачэтнікава (1792), якія па змесце блізкія да афіц. журналаў баявых дзеянняў. Дзённік капітана Маскоўскага грэнадзёрскага палка Гразева паведамляе пра падзеі ў Вільні ў час паўстання 1794, а генерала А.І.Безбародкі — пра знаходжанне караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гародні ў 1795—96.

Публікацыі:

Помнікі старадаўняй беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;

Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVIIст. Мн., 1983.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.