Артыкулы: Дэнгафы

Дэнгафы, шляхецкі род уласнага герба «Дзік». Паходзілі з Вестфаліі, з 14 ст. жылі ў Інфлянтах. Найб. вядомыя:

Герард (каля 1632—5.1.1685), сын Герарда. Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (Галандыя). Каралеўскі дваранін, хуружы надворны каронны ў 1661, чашнік ВКЛ у 1661—66, падстолі ВКЛ з 1666. У 1669 удзельнічаў у элекцыі караля Міхала Вішнявецкага.

Тэадор (?—1684), ваявода дорпацкі ў 1651—54, падстолі ВКЛ у 1655—56, крайчы ВКЛ у 1656—58, падскарбі надворны ВКЛ у 1658—61, падкаморы каронны з 1661.

Эрнест (?—жн. 1693), сын Эрнеста, ваяводы парнаўскага. Удзельнічаў у войнах са Швецыяй, Рас. дзяржавай і ўкр. казакамі. З 1666 оберштэр рэгімента каралеўскай гвардыі, ген.-маёр (1670). Пасол на соймы 1670, 1672. У 1671—76 удзельнічаў у баявых дзеяннях на Украіне супраць турэцкіх войск і казакоў. З 1676 зноў камандзір рэгімента каралеўскай гвардыі. Лоўчы ВКЛ у 1676—83, кашталян віленскі ў 1683—85. У 1683 камендант Кракава, ген.-лейтэнант. У Венскай бітве 1683 камандаваў брыгадай пяхоты. З 1685 ваявода мальбарскі, з 1687 маршалак каралевы.

Фрыдэрык Юзаф (?—1723), каралеўскі палкоўнік, падчашы ВКЛ з 1712.

Станіслаў Эрнест (каля 1673, Касцежына, Польшча—2.8.1728), сын Уладзіслава, ваяводы паморскага, і Канстанцыі Слушкі. Вучыўся ў піярскім калегіуме ў Варшаве, падарожнічаў па Германіі і Францыі. Удзельнічаў у абранні на трон Аўгуста ІІ (1697), садзейнічаў яму ў барацьбе са Станіславам Ляшчынскім. У 1702—17 маршалак Сандамірскай канфедэрацыі, якая падтрымлівала Аўгуста ІІ. Удзельнічаў у бітвах са шведамі пад Варшавай 31.7.1705 і з прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага пад Калішам 29.10.1706. Захаваў вернасць Аўгусту ІІ пасля яго адрачэння ад трона Рэчы Паспалітай і выезду з краіны. Пасля вяртання Аўгуста ІІ у 1709 прызначаны польным гетманам ВКЛ. Недастатковая, на думку Станіслава Эрнеста, ацэнка яго заслуг прывяла да пагаршэння адносін з каралём, але ён працягваў служыць Аўгусту ІІ, уціскаў прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага ў ВКЛ. Пасля скасавання ў 1717 Сандамірскай канфедэрацыі страціў уплывовае становішча ў краіне. Незадаволены палітыкай Аўгуста ІІ па змяншэнні войска ВКЛ перайшоў на бок сваіх былых праціўнікаў. У апазіцыі каралю да 1721, каб процідзейнічаць яму, дапамагаў зрываць соймы. З 1723 ваявода полацкі. Меў маёнткі ў Сандамірскім ваяв., палацы ў Гданьску і Варшаве, трымаў шматлікія стараствы, у т.л. Мазырскае.

Багуслаў Эрнест (?—1734), сын Фрыдэрыка Герхарда. У 1699—1706 камандаваў рэгіментам кароннай пешай гвардыі, ген.-лейтэнант (1705). Падкаморы ВКЛ з 1702, адначасова генерал артылерыі ВКЛ у 1710—25 і камандзір рэгімента пяхоты ВКЛ, у 1711 — таксама камандзір рэгімента драгунаў.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.