Артыкулы: Езафовічы

Езафовічы, браты, дзяржаўныя і гаспадарчыя дзеячы ВКЛ. Сыны Іосіфа (Езафа) Рабчыка, які пры вял. князях Казіміры і Аляксандры браў у арэнду збор мыта ў Кіеўскім ваяв. Найб. вядомыя:

Ян (Абрам; ?—кастр. 1519). Пасля разбурэння Кіева татарамі ў 1482 перасяліўся ў Вільню. Каля 1488 перайшоў з іудаізму ў праваслаўе і перайшоў на службу да вял. князя Казіміра. З 1494 гараднічы, пасля стараста ковенскі, з 1509 падскарбі земскі ВКЛ. Узначальваў гар. адміністрацыю ў Смаленску (стараста), Менску і Берасці (войт). Браў у арэнду збор мыта і корчмы па ўсім ВКЛ (Вільня, Смаленск, Берасце, Менск, Коўна, Новагародак, Полацк і інш.). Даваў значныя пазыкі вял. князям Аляксандру і Жыгімонту Старому, быў іх гал. крэдыторам. За час свайго кіравання фінансамі ВКЛ дакладна адмежаваў велікакняжацкія даходы ад дзяржаўных, цэнтралізаваў фінансавы апарат ВКЛ, ажывіў дзейнасць Віленскага манетнага двара. Ад Аляксандра ў 1506 атрымаў маёнтак Вайдуны ў Віленскім пав., Падгорскае ў Смаленскім пав., Шэйнічы ў Менскім пав., частку Раканцішскай пушчы. Купіў Новы Двор і Жараслаўку ў Гарадзенскім пав., горад і замак Солец у Сандамірскім ваяв. Вял. маршалак ВКЛ Я.Забярэзінскі прыняў яго ў свой род з наданнем гарба «Ляліва», што пацвердзіў Жыгімонт Стары (1507). Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян) і Канстанціна, дачку Марыну.

Міхель (?—каля 1529). Больш за 40 гадоў разам з братам ажыццяўляў вялізныя гандлёвыя аперацыі са збожжам, воскам, сукном, футрам, жалезам, каштоўнасцямі і інш. З пач. 16 ст. адміністратар гал. васковай і саляной мытні ў Берасці. Яму былі падначалены валынскія і падляшскія мытні. У 1514 Жыгімонт Стары прызначыў яго старшым над усімі яўрэямі ВКЛ. Быў пасрэднікам паміж вял. князем і яўрэямі ВКЛ ва ўсіх справах, гал. суддзёй над яўрэйскім насельніцтвам, збіраў з яго падаткі. Такія паўнамоцтвы сустракалі адпор з боку кагалаў — прыхільнікаў сваёй аўтаноміі. Пасля смерці брата Яна стаў яго спадчыннікам у грашовых справах, трымаў у арэндзе шматлікія мытні па ўсім ВКЛ. Ажыццяўляў значныя банкаўскія аперацыі, у т.л. з дзярж. скарбам. Прыкладна ў 1528 перадаў справы свайму брату Айзіку. Ваявода смаленскі Ю.Глябовіч прыняў Міхеля ў свой род з наданнем герба «Ляліва» (да 1514), пры гэтым той не прыняў хрысціянства. У 1525 Жыгімонт Стары надаў яму шляхецтва.

Літаратура:

И.В. [Вольф Ю.] Еврей-министр при короле Сигизмунде // Восход. 1885. № 5;

Бершадский С.А. Аврам Езофович Ребичкович, подскарбий земский, член Рады Великого княжества Литовского. Киев, 1888.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.