Артыкулы: Езна

Езна (літ. Езнас, Jieznas, цяпер горад у Прэнайскім р-не, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Ковенскім пав., на беразе воз. Езна. Упершыню ўпамінаецца ў 1492 як велікакняжацкае ўладанне (двор, цэнтр воласці). У 1495 вял. князь літоўскі Аляксандр падараваў Е. сваёй жонцы Алене Іванаўне, а тая ў 1507 — свайму служэбніку кн. Мацвею Мікіцінічу (гл. ў арт. Галоўчынскія). Пасля ўласнасць яго сына Яраслава, унуку Шчэнснага і праўнучкі Рэгіны, жонкі мсціслаўскага ваяводы Мікалая Кішкі. Апошнія прадалі Е. ў 1633 падканцлеру ВКЛ Стафану Пацу. Пасля мястэчкам валодалі яго сыны Станіслаў і Крыштоф Зыгмунт (1621—84), канцлер ВКЛ. Тут быў пабудаваны Езнаўскі пала — рэзідэнцыя Пацаў. У 1581 упершыню названа мястэчкам. У 1611 упамінаецца мясц. кальвінскі збор, у сярэдзіне 17 ст. ён пераўтвораны ў Езнаўскі касцёл Міхала Архангела і Яна Хрысціцеля, які стаў фамільнай усыпальніцай Пацаў. У 1645 пры касцёле заснаваны шпіталь. У 1702, пад час Паўночнай вайны 1700—21, мястэчка разбурана. У 18 ст. мястэчкам валодалі Мікалай Андрэй Пац (памёр каля 1710), яго сын Крыштоф Канстанцін (памёр у 1725), унук Антоні Міхал (памёр у 1774) і праўнук Міхал (1754—1800). У 1710 атрымала прывілей на штотыднёвыя таргі і мыта. У 1776 у мястэчку 20 дымоў, 2 карчмы, 19 крам, вадзяны млын, тартак, шпіталь. З 1781 вядома школа. У час паўстання 1794 Е. ўзята рас. войскамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.

Літаратура:

Miškinis A. Lietuvos urbanistikos paveldas ir jo vertybės. Т. 2, kn. 1. Vilnius, 2002.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.