Артыкулы: Езнаўскі палац

Езнаўскі палац, рэзідэнцыя Пацаў у мяст. Езна. Першы палац пабудаваны ў сярэдзіне 17 ст. Перабудаваны і значна пашыраны ў сярэдзіне 18 ст. Антоніем Міхалам Пацам. Палац вызначаўся асаблівай раскошай. Паводле падання, колькасць залаў адпавядала колькасці месяцаў у годзе, колькасць пакояў — колькасці тыдняў, вокнаў было 365. Складаўся з 3 карпусоў, якія абкружалі адкрыты з аднаго боку дзядзінец. Гал., рэпрэзантацыйны корпус, што стаяў у цэнтры, быў прамавугольны ў плане, на высокіх, з вокнамі, сутарэннях. У сваёй асн. частцы ён быў 3-павярховы, бакавыя чаткі — 2 павярховыя. Гал. фасад быў раскрапаваны 4 пілястрамі, відаць, тасканскага ордэру. Гал. ўваход і вокны па баках яго, а таксама вокны на 3-м паверсе мелі паўцыркульнае завяршэнне. Над уваходам меўся невяд. балкон з каванай жалезнай балюстрадай. Корпус быў увенчаны трохвугольным франтонам, у тымпане якога змешчаны ляпныя гербы «Газдава» (роду Пацаў) і «Трубы» (Радзівілаў). Бакавыя часткі гал. корпуса мелі больш сціплую дэкарацыю — дадатковае абрамленне прамавугольных вокнаў і рустоўку на вуглах. Да ўваходу вяла высокая і шырокая лесвіца. З тылу да вуглоў гал. корпуса прымыкалі 2 трохпавярховыя квадратныя вежы, вертыкальна падзеленыя міжэтажнымі гзымсамі і з карнізамі ўверсе. Паміж вежамі была зроблена тэраса з балконам, які падтрымлівалі мураваныя калоны. Гал. корпус быў накрыты 2-схільным дахам са стальнога колеру паліванай дахоўкі. Унутры ад гал. ўваходу адыходзілі 2 раскошныя, выкладзеныя мармурам, паўкруглыя лесвіцы, што вялі да вялізнага вестыбюлю. Над ім была бальная зала з бакавымі буфетамі, упрыгожаная размалёўкамі італьянскага мастака на міфалагічныя сюжэты (музы, Апалон, Вакх, Селен і інш.). У баках частках гал. корпуса размяшчаліся жылыя пакоі ўладальнікаў палаца. Вокны і дзверы былі аздоблены мармурам. У інтэр’ерах шырока выкарыстоўвалася ляпніна і разьба па дрэву, часта пазалочаная. На 3-м паверху мелася невял. капліца, упрыгожаная мармурам і пазалочанай ляпнінай у тэхніцы стука. Да вуглоў гал. корпуса прымыкалі крылы — Г-падобныя ў плане 2-павярховыя бакавыя корпусы. Яны мелі па 8 восей на лініі гал. корпуса, па 16 восей па баках. Азбабленне іх было больш сціплым, чым гал. корпуса, абмяжоўвалася міжэтажнымі гзымсамі, карнізамі. Былі накрыты 3-схільнымі дахамі. З тылу да палаца прылягаў французска-італьянскі парк (3 га). Пра палац хадзіла прыслоўе «Варты Пац палаца, а палац — Паца». Палац пацярпеў ад рас. войск у час паўстання 1794. Згарэў ад удара маланкі ў 1837. На працягу 19 ст. канчаткова разбурыўся, захвалася частка аднаго крыла ў перабудаваны выглядзе.

Літаратура:

Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1992. T. 3.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.