Артыкулы: Елісей Лаўрышаўскі

Елісей Лаўрышаўскі, праваслаўны святы 13 ст. Згодна з жыціем, якое захавалася толькі ў пераказе гісторыка 17 ст. Альберта Каяловіча, быў сынам кн. Траняты, займаў высокае становішча пры двары вял. князя літоўскага Міндоўга. Прыняў праваслаўе, пакінуў прыдворную службу і пачаў весці самотнае манаскае жыццё ў пустыні. Да яго далучыўся інш. праваслаўны манах, разам яны заснавалі Лаўрышаўскі манастыр. Е.Л. быў забіты сваім слугою. Мошчы Е.Л. шанаваліся як цудатворныя, што вылечвалі душэўныя і цялесныя хваробы. Існавала легенда, што каля 1505 да Лаўрышаўскага манастыра наблізіліся крымскія татары, але ім падалося, што манастырскі дзядзінец запоўнены конніцай, і яны кінуліся наўцёкі. Гэты цуд быў прыпісаны Е.Л., і ён быў кананізаваны мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам на Віленскім саборы 1514. Падчас адной з войнаў мошчы Е.Л. схавалі ў зямлю, а пасля яны не былі адшуканы. Жыційны вобраз Е.Л. ў агульных рысах адпавядае князю Войшалку, які, згодна з Іпацьеўскім летапісам, заснаваў Лаўрышаўскі манастыр. Хроснае і манаскае імёны Войшалка невядомы, магчыма, адно з іх (манаскае?) было Елісей. У легендарнай частцы бел.-літ. летапісаў заснаванне манастыра прыпісана Лаўрашу, сыну кн. Рамана (Рыманта). Пасля Берасцейскага сабора 1596 Е.Л. як святога шанавалі уніяты (да сярэдзіны 17 ст.). Мясцовае пакланенне святому працягвалася і пазней, у 2-й пал. 19 ст. выклікала судовы працэс, які скончыўся забаронай культу Е.Л. Цяпер Е.Л. ўваходзіць у Сабор Беларускіх святых. Дзень яго памяці — 23 кастр. (5 ліст.). У 1996 у Лаўрышаве ўстаноўлены помнік Е.Л.

Літаратура:

Огицкий Д.П. Великий князь Войшелк: (Страница из истории Православия в Литве) // Богословские труды. М., 1983. Сб. 24;

Мельников А.А. Путь непечален: Исторические свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;

Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў Х—XVIII стагоддзях. Мн., 1993. С. 134.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.