Артыкулы: Жывінбуд

Жывінбуд, легендарны вялікі князь літоўскі і жамойцкі. Упамінаецца ў бел.-літ. летапісах як выхадзец з роду герба «Кітаўрас». Летапісы Румянцаўскі, Рачынскага і Альшэўскі адзначаюць, што Ж. стаў вял. князем літоўскім пасля смерці кн. Гіруса, але не ўказваюць хто быў бацькам Ж. Хроніка Быхаўца адзначае, што Ж. — быў сынам вял. князя літоўскага Кернуса. Спачатку княжыў у Літве, а пасля смерці вял. князя жамойцкага Вікінта — таксама ў Жамойці. У летапісы змешчаны расказ, згодна з якім на новагародскага кн. Скірмунт напаў князь Мсціслаў луцкі і пінскі, жадаючы яго выгнаць з вотчыны — гарадоў Новагародка, Гародні, Берасця, Мельніка. Скірмунд звярнуўся за дапамогай да Ж., які паслаў да яго свайго старэйшага сына Кукавойта з вял. сіламі (малодшы сын Ж. ў летапісаў увогуле не названы). Войска Мсціслава было разбіта «на гэтым баку ракі Ясельды», але сам ён уратаваўся ўцёкамі. Пасля вяртання Кукавойта Ж. праз малы час памёр, і Кукавойт зрабіўся вял. князем літоўскім і жамойцкім. Ж. меў жонку — Паяту, якая памерла пасля мужа ў вял. старасці. Храніст 16 ст. М.Стрыйкоўскі лічыў бацькам Ж. князя Даўспрунка (нашчадка Палемона), а яго спадчыннымі і жончынымі ўладаннямі — Кернаў, Вількамір, Дзяволтву, Літву паміж Невяжай і Віліяй. У «Хроніцы» Стрыйкоўскага змешчаны яшчэ адзін расказ пра ваенную дапамогу Ж.: у 1263 легендарны хан Кідан прыслаў да кн. Радзівіла баскакаў з патрабаваннем даніны, калі той захапіў землі Новагародскую, Берасцейскую, Падляшша і тэрыторыі да Мазыра. Радзівіл звярнуўся за дапамогай да братоў — жамойцкага кн. Вікінта і літоўскага князя Ж., і тыя прыслалі сваі войскі, якія дапаглі перамагчы татараў.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.