Артыкулы: Жыжэмскія

Жыжэмскія, княжацкі род уласнага герба. Вядуць паходжанне ад смаленскай галіны Рурыкавічаў. Прозвішча ўтворана да назвы родавага маёнтка Жыжма ў Лідскім пав. З канца 16 ст. прымалі каталіцтва. З разрастаннем роду яго прадстаўнікі бяднелі, многія з іх перасталі карыстацца княжацкім тытулам. Ён не быў прызнаны ў Рас. імперыі, некаторым прадстаўнікам роду адмоўлена і ў дваранскім званні. Найб. вядомыя:

Глеб Святаславіч (?—12.8.1399), сын Святаслава Іванавіча. Князь смаленскі [1392—96]. У Мсціслаўскай бітве 1386 узяты ў палон войскамі ВКЛ. У 1391 аддадзены як заложнік вял. магістру Нямецкага ордэна. Вёў барацьбу з братам Юрыем за валоданне Смаленскам. Пасля захопу Смаленска ў 1396 вял. князем Вітаўтам Глеб з дзецьмі адпраўлены ў ВКЛ, дзе атрымаў маёнтак Палоннае. Загінуў у бітве на Ворскле 1399.

Дзмітрый Глебавіч, сын Глеба Святаславіча. Разам з бацькам у 1396 адпраўлены ў ВКЛ. У 1433 атрымаў ад Ягайлы ў вотчыну маёнтак Жыжма.

Іван Дзмітрыевіч (мянушка Манька), сын Дзмітрыя Глебавіча. Першы прыняў прозвішча Ж. У сярэдзіне 15 ст. атрымаў маёнтак Бобрыкі ў Менскім пав.

Іван Дзмітрыевіч (мянушка Шах), сын Дзмітрыя Глебавіча. Родапачынальнік князёў Шаховічаў.

Міхаіл Іванавіч Маньчыч (?—каля 1530), сын Івана Дзмітрыевіча Манькі. У 1528 ставіў у войска 8 коннікаў. З яго сыноў Дзмітрый і Васіль пасля задушэння Глінскіх мяцяжу 1508 уцяклі ў Маскоўскую дзяржаву, Даніла, Цімафей і Багдан засталіся ў ВКЛ (2 апошнія былі каралеўскімі дваранамі).

Яраш Іванавіч (?—1598), сын Івана Цімафеевіча. Каралеўскі ротмістр, стараста рэчыцкі з 1576. Валодаў маёнткамі Вербкавічы ў Менскім пав., Навасёлкі ў Мазырскім пав., Копысь, Жыжма.

Сільвестр Іванавіч (?—пасля 1599), сын Івана Цімафеевіча. Ляснічы кобрынскі ў 1582, удзельнік з’езда праваслаўных і пратэстантаў у Вільні ў 1599.

Пётр Ярашавіч (?—да 1609), сын Яраша Іванавіча. Стараста рэчыцкі з 1598, удзельнік з’езда праваслаўных і пратэстантаў у Вільні ў 1599.

Яраш Ярашавіч (?—1630), сын Яраша Іванавіча. Мазырскі войскі з 1595 і падкаморы да 1609. Вызнаваў каталіцтва.

Ян (?—1635), сын Пятра Ярашавіча. Падкаморы менскі.

Адам Ярашавіч (?—пасля 1640), сын Яраша Іванавіча. Харужы мазырскі з 1621.

Ян (?—1645), сын Яраша Ярашавіча. Стольнік менскі да 1630, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1642.

Аляксандр (?—крас. 1645), сын Крыштофа Ярашавіча. Каралеўскі дваранін, ляснічы аранскі і пералайскі, стольнік менскі з 1634, чашнік ВКЛ у 1640—43, падстолі ВКЛ з 1643.

Тамаш (?—каля 1675), сын Крыштофа Ярашавіча. Падкаморы менскі з 1647, у 1660 удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.

Адам (?—пасля 1683), сын Яна. Менскі стольнік, з 1677 лоўчы. У 1674 удзельнічаў у элекцыі караля Яна ІІІ Сабескага.

Ян (?—каля 1700), сын Тамаша. Падкаморы менскі, у 1674 і 1697 удзельнічаў у элекцыі Яна ІІІ Сабескага і Аўгуста ІІ.

Тэафіл (?—пасля 1736), сын Адама. Менскі гродскі пісар, з 1724 земскі пісар, пасля чашнік, з 1731 земскі сурагатар.

Дамінік (?—каля 1751), сын Яна. Падчашы троцкі, ротмістр менскі.

Міхал (?—пасля 1770), сын Тэафіла. Каралеўскі дваранін, падсудак менскі ў 1726, чашнік старадубскі, менскі падчашы з 1748, войскі з 1764, падкаморы з 1767, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1732.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.