Артыкулы: Жэймы

Жэймы (літ. Жэймяй, Žeimiai, мястэчка ў Ёнаўскім р-не, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Ковенскім пав., на р. Ланкеса. Упершыню ўпамінаецца пад 1319 у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага пры апісанні пераможнай бітвы вял. князя літоўскага Гедзіміна над войскам крыжацкага маршалка Генрыха фон Плоцке. 1-е верагоднае ўпамінанне адносіцца да 1363, калі Ж. спалены крыжакамі вял. магістра Тэўтонскага ордэна Вінрыха фон Кніпродэ. Потым Ж. ўпамінаюцца пад 1365, 1379 і 1384. У 2-й пал. 15 ст. кароль польскі і вял. князь літоўскі Казімір падараваў Ж. хану «Сихъдохъману» (відаць, хану Вял. Арды Сеід-Ахмеду). Маёнткам валодалі таксама яго сыны і ўнукі, якія прадалі Ж. панам Завішам. Апошнія валодалі Ж. У 16—пач. 17 ст. У пач. 16 ст. пабудаваны драўляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. У 16 ст. ён перароблены на кальвінскі збор, пры якім адчынена школа. У пач. 17 ст. кароткі час дзейнічала друкарня, у якой Якубас Маркунас выдаў кнігу Паўла Гілёўскага «Выклад катэхізіса» («WykładKatechizmu», 1605; некаторыя вучоныя мяркуюць, што кніга выдадзена ў Вільні). У 1631 у выніку судовага працэсу, распачатага касцельнымі ўладамі, збор перароблены на касцёл. У 1748 Ж. атрымалі прывілей на таргі, з 1777 вядома парафіяльная школа. У 17—18 ст. ястэчкам валодалі Мядэкшы, у 1780 набыта інфлянцкім біскупам Юзафам Касакоўскім (гл. ў арт. Касакоўскія), які ў 1787 пабудаваў тут палац. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.