Артыкулы: Алыка
Алыка(укр. Олика, цяпер гар. пасёлак у Ківерцаўскім р-не Валынскай вобл., Украіна), горад ў Луцкім пав., на р. Пуцілаўка. Упершыню ўпамінаецца пад 1149. З 1199 у Галіцка-Валынскім княстве. З 1340 у складзе ВКЛ. У 1433 А. і ваколічныя вёскі вял. кн. Свідрыгайла падараваў Лёньку Зарубічу. У 1493 вял. кн. Аляксандр пацвердзіў троцкаму ваяводу П.Я.Мантыгірдавічу правы на А., якой пасля валодала яго ўдава Ганна. У 1523 вял. кн. Жыгімонт Стары дазволіў Ганне збіраць у А. 2 кірмашы штогод. У 1523 дасягнута пагадненне, што пасля смерці Ганны Алыцкі замак атрымае яе ўнучка Ганна з Кішкаў, жонка М.Радзівіла Старога. У 1533 дзеці апошняга М.Радзівіл Чорны і Я.Радзівіл атрымалі ў супольнае валоданне матчыны маёнткі, у т.л. А. з 12 сёламі. У 1547 Радзівіл Чорны атрымаў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі «на А. і Нясвіжы». 31.5.1564 А. дадзена магдэбургскае права, горад меў герб з выявай 2 паляўнічых ражкоў. З 1569 у складзе Польскага каралеўства. У 1570 у А. 318 дымоў. У 1586 сыны Радзівіла Чорнага заснавалі Нясвіжскую, Клецкую і Алыцкую ардынацыі, 1-м алыцкім ардынатам стаў С.Радзівіл (валодаў горадам з 1577). У 1667 у сувязі са згасаннем алыцкай лінніі Радзівілаў ардынацыя перайшла ў рукі нясвіжскай лініі. У 1591 і 1648 А. захоплена казакамі. У 1593 заснаваны шпіталь. У 1630-я г. вакол горада насыпаны вал, узведзены брамы. У 2-й пал. 16 ст. ў А. пабудаваны новы, прамавугольны ў плане замак з 4 бастыёнамі, які ў 1737—55 перабудаваны як магнацкая рэзідэнцыя (кіраўнік будоўлі Я.Е.Кнакфус). На Пн замка размешчана 5-ярусная брама-вежа з капліцай і гадзіннікам, на Пд — 3-павярховы палац, на У і З — 2-павярховыя карпусы, злучаныя акруглымі аркаднымі перамычкамі з 2-павярховымі крыламі брамы. П.Я.Мантыгірдавіч пабудаваў у А. касцёл Св. Тройцы, які ў 16 ст. ператвораны ў кальвінскі збор. У 1635—40 узведзены мураваны касцёл (арх. Я.Маліверні), пры якім з 1638 існавала семінарыя (напалову свецкая) пад апекай Замойскай акадэміі. Касцёл служыў як пахавальня Радзівілаў. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) А. ў складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Stecki T.J. Radziwiłłowska Ołyka // Przegląd powszechny. Kraków, 1887. T. 14—15;
Tomkowicz S. Ołyka // Prace Komisji historii sztuki PAU. Kraków, 1923. T. 3;
Нельговский Ю.А., Годованюк Е.М. Каменные замки Западной Украины конца XVI—первой половины XVII в. // Архитектурное наследство. М., 1986. Вып. 34;
Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. 2 wyd. Wrocław etc., 1994. T. 5;
Kowalczyk J. Rezydencje późnobarokowe na Wołyniu // Przegląd Wschodni. 1997. T. 4. Z. 1;
Терський С. Олика: Історичний нарис. Львів, 2001.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


