Артыкулы: Альбертрандзі (Albertrandi) Ян
Альбертрандзі(Albertrandi) Ян (7.12.1731, Варшава—10.8.1808), польскі гісторык. У 1748 у Вільні ўступіў у ордэн езуітаў. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Вільні, Нясвіжы, Пінску і Варшаве, у 1761 атрымаў ступень доктара. У 1761—70 выкладаў у Варшаве. Выдаваў з Ф.Багамольцам серыю «Збор польскіх летапісаў» («Dzejopisy polskie»), рэдагаваў час. «Zabawy przyjemne i pożyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»). У 1771 выйшаў з ордэна езуітаў, але застаўся ксяндзом. З 1773 хавальнік нумізматычнай калекцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пасля каралеўскі лектар, хавальнік кабінета гравюр. З 1787 канонік гнезненскі, у 1787—89 упарадкаваў архіў капітулы ў Гнезне. З 1790 каралеўскі бібліятэкар, а з 1794 і архівіст. З 1795 тытулярны біскуп зенапалітанскі, з 1799 біскуп-суфраган варшаўскі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) прызначаны прускімі ўладамі візітатарам варшаўскіх навуч. устаноў і цэнзарам польскага друку. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Т-ва аматараў навук у Варшаве (1801—08). З навук. падарожжаў у Італію (1782—84) і Швецыю (1789—90) прывёз 180 тамоў копій дакументаў і архіўных вопісаў па гісторыі Рэчы Паспалітай (т.зв. «папкі А.»). Пад уплывам караля і гісторыка А.Нарушэвіча прыступіў да напісання вял. гісторыі Польшчы і Рэчы Паспалітай. Працы А. і сабраныя ім дакументы апублікаваны пасля яго смерці: «Помнікі пра даўнюю Польшчу з часоў Жыгімонта Аўгуста…» («Pamiętniki o dawnej Polsce z czasów Zygmunta Augusta, obejmujące listy J.F.Commendoni do Karola Boromeusza», т. 1—2, Вільня, 1847—51), «Рэляцыі папскіх нунцыяў і іншых асоб аб Польшчы з 1548 да 1690 г.» (т. 1—2, 1864) і інш. Быў прыхільнікам характэрнага для Асветніцтва прагматычнага падыходу да гісторыі як да крыніцы практычных ведаў. Шмат намаганняў прыклаў для выпрацоўкі падручнікаў, у 1775—77 і 1784—87 супрацоўнічаў з Т-вам элементарных кніг. Пераклаў і дапоўніў нарыс гісторыі Польшчы Ф.А.Шміта «Гісторыя Польскага каралеўства, сцісла па гадах апісаная» («Dzieje Królestwa Polskiego krótko lat porządkiem opisane», Варшава, 1766; 2-е выд., т. 1—2, Львоў, 1846), які служыў школьным падручнікам да пач. 19 ст.
Творы:
Panowanie Henryka Walezjusza i Stefana Batorego, królów polskich. T. 1—2. Warszawa, 1823 (4 wyd. Kraków, 1861);
Panowanie Kazimierza, Jana Alberta i Aleksandra Jagiellończyków, królów polskich i wielkich książąt litewskich. T. 1—2. Warszawa, 1827;
Dwadzieścia sześć lat panowania Władysława Jagiełły, króla polskiego. Wrocław, 1845.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


