Артыкулы: Захарый Капысценскі

Захарый Капысценскі[каля 1590, с. Капысна каля Перамышля—21(31).3.1627], дзеяч праваслаўнай царквы. З шляхецкага роду герба «Ляліва». Вучыўся ў Астрожскай або Львоўскай брацкай школе. У 1611—14 жыў у манастырах Путненскім (Малдова), Унеўскім, Дарагабужскім, Гарадоцкім, на Падляшшы, у Бельскай зямлі, у Ботках, Мядыні, Каменцы. Магчыма, пасля пераехаў у Вільню, але дакументальна гэта не пацверджана. Прыкладна з 1615—16 у Кіева-Пячэрскай лаўры, куды яго запрасіў архімандрыт Елісей Плецянецкі. Прыняў актыўны ўдзел у кнігавыдавецкай справе лаўры, напісаў прадмовы да 4 выданняў мясцовай друкарні, выдаў свой твор «Кніга пра веру адзіную святой саборнай апостальскай царквы» (каля 1620). У лаўры З. супрацоўнічаў з Памваю Бярындаю, Лаўрэнціем Зізаніем і інш. Пасля смерці Елісея Плецянецкага (1624) З. абраны архімандрытам Кіева-Пячэрскай лаўры. У 1625 кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт ІІІ зацвердзіў абранне З. Дамогся аўтаномнага становішча лаўры ў адносінах да кіеўскіх мітрапалітаў. Працягвалася актыўная выдавецкая дзейнасць друкарні лаўры, дзе былі надрукаваны «Намаканон» (1624), «Трыёдзь посная», «Часаслоў» (1627) і інш. Гал. твор З. — «Палінодзія, або Кніга абароны святой апостальскай усходняй царквы» не была надрукавана аўтарам, але шырока разыходзілася па Украіне і Беларусі ў спісах.

Творы:

Палинодия // Памятники полемической литературы в Западной Руси. СПб., 1878. Кн. 1;

LevKrevza’sObronaiednoscicerkiewneyandZaxarijaKopystens’kyj’sPalinodija. Harward, 1987.

Літаратура:

Завитневич В.З. Палинодия Захарии Копыстенского и ее место в истории западно-русской полемики XVI и XVII вв. Варшава, 1883;

Степенькіна П. Захарія Копистенський // Українська біографістика. Київ, 2008. Вип. 4.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.