Артыкулы: «Зборнік матэрыялаў, што маюць дачыненне да гісторыі паноў-рады Вялікага княства Літоўскага»

«Зборнік матэрыялаў, што маюць дачыненне да гісторыі паноў-рады Вялікага княства Літоўскага» («Сборник материалов, относящихся к истории панов-рады Великого княжества Литовского»), археаграфічнае выданне дакументаў, што асвятляюць гісторыю Рады Вялікага княства Літоўскага ў канцы 15—16 ст. Ажыццявіў І.А.Маліноўскі ў Томску ў 1901 (надрукаваны таксама ў выданні «Вести Императорского Томского университета», 1902, кн. 21). Большасць дакументаў узята з Метрыкі ВКЛ, некаторыя з Кіеўскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Зборнік складаецца з 4 частак. У 1-й змешчаны прывілеі радным панам на ўрады (пасады) і маёнткі, узоры прысяг (78 дакументаў); у 2-й — лісты паноў-рады да вял. князя і наадварот, лісты Рады ВКЛ да Кароннай рады (87 дакументаў); у 3-й — выракі (прыгаворы) паноў-рады і рашэнні сумеснага суда вял. князя і рады (72 дакументы); у 4-й — дакументы рознага паходжання, што асвятляюць становішча вышэйшай праслойкі феадалаў ВКЛ (выракі, прывілеі на землі, гасп. лісты вял. князя, скаргі падданых і інш., 51 дакумент). У дадатку змешчана 39 дакументаў. Усяго надрукавана 327 дакументаў за 1486—1576 (большасць — ад 1510-х г. і да 1569) у асноўным на бел. мове (некалькі на польскай і лац. мовах). Пры публікацыі захаваны скарачэнні слоў, арыгінальныя загалоўкі дакументаў, некат. стараж. літары заменены на новыя. Некат. дакументы надрукаваны ў выглядзе рэгестаў (толькі загаловак дакумента). Зборнік забяспечаны падрабязнымі паказальнікамі асабовых імён, геагр. назваў, урадаў і рэчаў. У 1912 выйшаў працяг выдання: «Зборнік матэрыялаў, што маюць дачыненне да гісторыі паноў-рады Вялікага Княства Польскага. Дадатак», дзе змешчана 90 дакументаў 1496—1581: прывілеі і лісты вял. князёў, судовыя справы, выракі, скаргі і інш. Зборнік мае вял. значэнне для даследавання сац.-эканам. і паліт. гісторыі ВКЛ.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 244—246.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.