Артыкулы: «Зборнік Муханава»

«Зборнік Муханава» («Сборник Муханова»), выданне крыніц па гісторыі ВКЛ і Расіі канца 14—сярэдзіны 18 ст. Ажыццявіў П.А.Муханаў у Маскве ў 1836 і Пецярбургу ў 1866 (2-е выданне — экзэмпляры 1-га выдання, пераплеценыя з дадаткова надрукаванымі матэрыяламі). Усяго змешчана 350 дакументаў разнастайнага паходжання. Значная іх частка ўзята з копій Метрыкі ВКЛ лацінскім шрыфтам, што знаходзілася ў Варшаве, з прыватнай калекцыі складальніка, некат. перадрукаваны з папярэдніх выданняў. Сярод дакументаў мірныя дагаворы вял. князёў Вітаўта з цвярскім князем Барысам Аляксандравічам 1393, Казіміра з Псковам і Ноўгарадам 1440, з маскоўскім князем Васілём Васілевічам 1449, дыпламат. перапіска ВКЛ 16—17 ст., прывілеі на магдэбургскае права Полацку 1498, Менску 1499, Кіеву 1544, комплексы прывілеяў Вільні і Кіеву 14—17 ст., прывілеі Віцебскай зямлі 1503 і Смаленскай зямлі 1505, летапісны ўрывак пра шлюб вял. князя Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл, дакументы часоў Інфлянцкай вайны 1558—82, граматы Лжэдзмітрыяў І і ІІ, лісты Я.К.Хадкевіча, дыярыуш Ц.П.Бжастоўскага пра заключэнне Віленскага перамір’я 1656. Дакументы зборніка на бел. і рус. мовах, польска- і лацінскамоўныя надрукаваны ў перакладзе на рус. мову. Некат. дакументы забяспечаны археаграфічнымі заўвагамі, дзе ёсць звесткі пра іх знешні выгляд, месца захоўвання (рэдка), тлумачэнне асабовых імён і геагр. назваў, храналагічныя і гіст. каментарыі. Змешчаны імянны і геагр. паказальнікі, факсіміле фрагментаў дакументаў, табліцы вадзяных знакаў. Храналагічны прынцып размяшчэння дакументаў не вытрыманы, ёсць недакладнасці ў перадачы тэкстаў. Нягледзячы на адносна невысокі археаграфічны ўзровень, зборнік захоўвае навук. значэнне.

Літаратура:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973. С. 40—44.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.