Артыкулы: звон

звон, самагучальны ўдарны сігнальны інструмент. Звычайна мае форму пустацелай, зрэзанай знізу грушы. Мае вял. значэнне ў царкоўным жыцці: склікае вернікаў на богаслужэнне, ігра ў З. суправаджае царкоўныя святы, урачыстыя падзеі ў царкоўным, грамадскім, прыватным (шлюб, пахаванне) жыцці. З дапамогай З. абвяшчаліся надзвычайныя здарэнні (пажар, пачатак паўстання, напад на горад ворагаў). З. ратушы i правасл. цэркваў далі пачатак Віцебскаму паўстанню 1623, у час якога быў забіты уніяцкі архіепіскап Іасафат Кунцэвіч. Каралеўскія камісары, якія расследавалі забойства, пастанавілі адліць зняць З. з ратушы i ўсiх правасл. цэркваў і адлiць з iх адзiн вял. З. на памяць пра архіепіскапа. На заклік ратушнага З. пачалося Магілёўскае паўстанне 1661. Раннія касцельныя правілы прадпісвалі епархіяльным касцёлам мець 4 З., калегіяцкім касцёлам — 3, парафіяльным — 2, кляштарным —1, аднак з цягам часу ўстанавіўся звычай набываць як мага больш З. З. вешалі на гарадскія ратушы, невял. З. прыладжвалі на вежавыя гадзіннікі, дзе яны адбівалі гадзіны і квадрансы.

На тэрыторыі Беларусі вядомы з 11 ст. (упамінаюцца ў «Слове аб палку Ігаравым»). Падчас археалагічных раскопак абломкі З. знойдзены ў Бярэсці, Гародні, Гомеле, Мсціславе, Тураве. Правасл. традыцыі адліўкі званоў перайшлі ў ВКЛ, дзе спалучаліся з зах-еўрапейскімі ўплывамі. Звесткі пра найстаражытныя З. ў ВКЛ адносяцца да цэркваў. Згодна з хронікай Троцкага кляштара бернардзінцаў, тут існаваў З. вагой 645 фунтаў са славянскім надпісам «Се аз, раб Божи Яков Ондревич с матерою своею Уляною Александрова... ВКЛ дали есьмо сей колокол, улит в церков св. деве Параскевии... в Вильни во вики. 6885 (1377)» і гатычным надпісам «K.S.Skobelt». Відаць, гэты З. быў выраблены па загаду вял. князя Ягайлы і яго маці Ульяны для Віленскай Пятніцкай царквы. У Новагародку ў адной з цэркваў існаваў З. з лацінскім набожным надпісам і датай 6893 (1385). У 1420 майстар Усцяк па заказу пана Шэдзібора Валімонтавіча адліў З. са славянскім надпісам для касцёла ў в. Невадніца на Падляшшы. Гэта самы стары З. з ВКЛ, што дайшоў да нашага часу (зберагаецца ў Нац. музеі Літвы). Да. 20 ст. захаваліся яшчэ 6 З., што былі выраблены ў 15 ст. (у касцёлах у Сядах, Кельмах, Дзевалтове, Шаўлянах, Сямялішках), яны мелі нямецкія і лац. надпісы.

З 1518 у дакументах упамінаюцца З. Віленскага кафедральнага касцёла, для якога ў 1530—31 віленскі архідыякан Павел Гальшанскі фундаваў яшчэ адзін З. Тут жа знаходзіўся вял. З., які зваўся «Зыгмунтам» і прыпісваўся фундацыі Жыгімонта І Старога; каб званіць у яго, патрабавалася 20 чал. (загінуў у час пажару Вільні 1610). Пра адліўку З. у Вільні ў 16 ст. мала вядома, іх магла вырабляць Віленская пушкарня. У канцы 16 ст. у Коўне і Вільні некалькі З. адліў Марцін Гофман, у т.л. Моладаўскі звон. У 1620 у Вільні на сродкі Астафія і Гераніма Валовічаў адліты вялікі (30 каменяў) З. для Цітавянскага кляштара. Найзнакамітым віленскім ліцейшчыкам З. у 1-й пал. 17 ст. быў Іаган Бротэльт, які вырабіў прынамсі 6 званоў 1630—47. У той жа час у Вільні працаваў людвісар Каспар Вехер. Найбольш значным майстром па адліўцы З. у Вільні ў 2-й пал. 17 ст. быў Ян Дэлямарс (прынамсі 32 З. на працягу 1662—88, у т.л. 6000-фунтавы гадзіннікавы З.). Адначасова з ім у вільні працавалі людвісары Ганс УльрыхБадэр, Фёдар ФёдаравічПярвец (рабіў З. для Троіцкай царквы). У 1525 упамінаецца З. Віленскага Прачысценскага сабора, у 1605 — З., выліты па заказу віцеблянаў для Віцебскай царквы св. Пятра. У 1545 адліў З. для Мсцібаўскай царквы (Ваўкавыскі пав.) святар ФёдарЦышэцкі. У канцы 16 ст. вядомы 2 ажурныя гадзіннікавыя З. і невял. З. з Міра, якія, як мяркуецца, адліты ў Нясвіжскай людвісарні. У 1-й пал. 17 ст. З. ў Полацку і Пінску адліваў Габрыель Дарафеевіч, у 1690 вырабіў звон для Слуцкай царквы Нараджэння Божага Казімір Легер. Невядомыя майстры адлівалі З. у Оршы (1648), Магілёве (1651—60).

Шмат З. загінула і вывезена з ВКЛ падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Згодна з Андросаўскім перамір’ем 1667 З. вярталіся законным уладальнікам, але шмат засталося ў Расіі. У канцы 17—пач. 18 ст. ў Вільні З. адліваў Бенжамін Фінгерлінг, у 1-й пал. 18 ст. — Кароль ГотлібШпар, у сярэдзіне 18 ст. — ТамашГапановіч, у 2-й пал. 18 ст. — АнтонійГапановіч, у канцы 18 ст. — Ян СамуэльВегнер. Найбольш значным ліцейшчыкам званоў у Вільні ў 18 ст. быў Густаў Мёрк, які на працягу 1749—59 вырабіў прынамсі 18 З., у т.л. некалькі З. для Гародні і Новагародка. У 18 ст. З. вырабляліся на Урэцкай людвісарні.

З. лічыліся каштоўнай ваеннай здабычай і траплялі ў цэрквы і касцёлы ВКЛ як трафей пасля паспяховых ваенных кампаній. У 1580 кароль польскі і вял. князь літоўскі Стафан Баторый падараваў полацкім езуітам 2 З., якія ў час захопу Полацка маскоўскія ўлады павесілі на самыя высокія вежы, каб званілі ў час трывогі. З захопленага ў 1611 Смаленска кароль польскі і вял. князь літоўскі Жыгімонт ІІІ вывез некалькі З., якія падараваў Віленскаму кафедральнаму касцёлу і касцёлу св. Казіміра. У 1620 два «маскоўскія» З. атрымаў касцёл у Цітавянах. У 1665 канцлер ВКЛ Крыштоф Пац перадаў Пажайскаму кляштару камедулаў З., вывезены са Свенскага манастыра на Браншчыне. У 1-й пал. 17 ст. Крэцінгскі бернардзінскі касцёл атрымаў З., выраблены ў 1592 у Рызе і вывезены адтуль войскам Яна Караля Хадкевіча.

Шмат З. было заказана для цэркваў і касцёлаў ВКЛ у майстроў Караляўца, Гданьска, Рыгі, Мітавы. Вырабамі замежных майстроў лічацца З. 1-й пал. 15 ст. ў Сядах (пазначаны імем Ганс Гопе), Кельмах і Шаўлянах. З. з лац. гатычнымі надпісамі знаходзіліся ў Дзевалтове (1462, 1464), Гарадзенскім касцёле бернардзінак (1545), Дарагічыне (1560). Ваенныя падзеі 17—18 ст. не спрыялі развіццю мясцовай вытворчасці З. у ВКЛ, таму іх часта заказвалі за мяжой, гал. ч. у Караляўцы. У 17—18 ст. там адлівалі З. для ВКЛ Міхаэль Дорнман (Кейданскі кальвінскі збор, 1641; Паланга), Нікалаўс Шмідзіхен (Кейданскі фарны касцёл, 1649), Ганс фон Охрум (Трышкі, 1663; Гарадзенскі касцёл езуітаў, 1667; Вевіржаны, 1669), Давід Дорнман (Ігуменская царква, 1674), Готфрыд Дорнман (Індура, 1687; Багданава, 1690; Шарашова, 1697), Якаб Гесінг (невядомы жамойцкі касцёл, 1695; Ілокі, 1698; Дукорская царква, 1700), Шаты, 1701 і 1713, Папяляны, 1705; Адэльск, 1709; Кальварыя Жамойцкая, 1711; Калтыняны, 1714; Расейны, 1719; Ражанка, 1719; Лаўкова, 1720; Нача, 1720; Сувалкі, 1720), Іаган Якаб Дорнман (невядомы лютэранскі збор, 1711; Сурвілішкі, 1711; Астравец, 1711; Віленскі касцёл св. Яна, 1740 — 2 званы; Крэцінга, 1748; Ілокі, 1748; невядомы жамойцкі касцёл, 1759), Б.М.Дорнман (Дарсунішкі, 1769), Андрэас Дзёрлінг (Койданаўскі кальвінскі збор, 1720; Віленскі касцёл Усіх Святых, 1722; Крожскі касцёл бенедыкцінак, 1725; Віленскі касцёл св. Філіпа і Якуба, 1727, 1738 і 1739; Сувалкі, 1728; Няменчын, 1730; Ражанка, 1730; Віленскі касцёл св. Міхала, 1731; Рыконты, 1733; Ковенскі касцёл св. Георгія, 1734; Варні, 1755; Ковенскі касцёл Св. Тройцы, 1737; Векшні, 1737; Коўна, 1739; Лішкаў), Іаган Хрыстоф Дзёрлінг (Гарадзенскі францысканскі касцёл, 1740; Докшыцы, 1743; Шумск, 1743; Беніца, 1745; Калтыняны, 1749), Георг Бярнард Кіндэр (Неманойці, 1724; Кляшчэльская царква, 1725; Бержнікі, 1729; Цельшы, 1729; Калтыняны, 1729; Віленскі касцёл св. Кацярыны, 1732; Пікелі, 1738; Віленскі касцёл св. Бартламея, 1738; Койданава, 1738), Іаган Хрысціян Копінус (Лагойская замкавая царква, 1755; Шакінаў, 1755; Друскенікі, 1757; Неманойці,1759; Свержань, 1760; Ружаны Сток, 1764; Альсяды, 1765; Ковенская рутуша, 1775; Кальварыя жамойцкая, 1775; Слуцкі лютэранскі збор, 1777; Карыцін, 1782; Кузніца, 1783; Дзярэчын, 1784), Готліб Абрагам Шлеверт (Вяшвяны, 1761; Коварск, 1769), А.Больман (Буйвідзі, 1777), І.А.Бельман (Ракаў; Пашыле, 1779; Гінцялішкі, 1782; Кельмы, 1785; Вайгаў, 1788; Віленскі касцёл св. Мікалая, 1792; Адахаў, 1793; Ковенскі касцёл св. Гертруды, 1798), К.А.Копінус (Каралішчавічы, 1787, Баршчыцы, 1788). З Караляўца ў 1750 прывезены вял. З. для Менскага касцёла езуітаў, які па імю фундатара называўся «Ян Салагуб» (у пач. 19 ст. пераліты ў 2 меншых З.).

У Гданьску З. для ВКЛ адлівалі Маціяс Бенінк (Крэцінга, 1593), Герхард Бенінк (Чыжы, 1624; Ялаўка, 1635, Алыка, 1640; Дарагічын, 1648), Бенжамін Вітверк (Саколка), Міхал Вітверк (Невадніца, 1723; Беласток, 1726; Заблудаў, 1728; Кляшчэлі, 1728), Вітверк (Бельск, 1740; Крупчыцы, 1743), Эмануэль Вітверк (Анджэеў, 1780), Іаган Готфрыд Антані (Кузніца, 1743; Крупчыцы, 1743; Кляшчэлі, 1746; Азяты, 1765; Райск, 1771), Эрнст Фрыдрых Кох (Новабярозаў, 1761; Боцькі, 1764; Кнышын, 1766; Вярсока, 1766; Гродзіск, 1766 і 1767; Рудка, 1775), Карл Готфрыд Антані (Пярковічы, 1780). У Эльблёнге людвісар Давід Ёнас вырабіў З. для Асташынскага кальвінскага збора (1668) і касцёла ў в. Раковічы Менскага пав. (1681).

Найстарэйшае паведамленне пра адліўку З. у Рызе для ВКЛ адносіцца да 15 ст. У 1476 палачане паведамлялі рыжскай радзе, што ў 1474 заказалі ў рыжскага майстра Гануса Смольбаха З. для Полацкага Сафійскага сабора, перадалі майстру 3 беркаўцы і 5,5 пудоў медзі, 22 рублі грошай, 260 лукон ржы, але Смольбах памёр, пагэтаму палачане прасілі рыжан перадаць заказ інш. майстру. У Рызе З. для ВКЛ адлівалі Ганс Маер (Крэцінга, 1592; Віцебская царква, 1605), Герхард Маер (невядомы касцёл, 1698), Гайнрых Біргман (Біржанскі лютэранскі збор, 1731 і 1748; Чадосы, 1750; Чашнікі, 1759; Салокі, 1760), Паўль Копляк (Полацкі езуіцкі касцёл, 1741—42, тры З.), Іаган Аўгуст Гетцель (Каркляны, 1770-я г., 1774 і 1790; Шакінаў, 1774 і 1795; Пявяны, 1776; Чашнікі, 1789; Панямунек, 1791), Гайнрых Эрнст Бергаў (Панямунек, 1794; Сурдзегі, 1796; Трашкуны, 1802; Покрай, 1806).

У Мітаве для ВКЛ З. адлівалі Якаб Філіп Гюнтэр (Груздзі, 1715; Скайзгіры, 1718), Эрнст Фрыдрых Фехтэр (Акмяны, 1760; Груздзі, 1763 і 1765; Папяляны, 1774). З. для ВКЛ выраблялі варшавяне Даніель Цім (Гародня, 1655), Дзітрых Іаган Эгрэнфрыд (царква ў Леўкаве, Ваўкавыскі пав., 1794). У г. Прэшаў у Славакіі Мацей Ульрых адліў у 1676 З., які знаходзіўся ў царкве ў Губінцах у Гарадзенскім пав. (магчыма, быў прывезены пасля Венскай кампаніі 1683). У 1769 цвярскі купец і ліцейшчык Іван Іванавіч Бакуноў вырабіў З. для Віленскай Святадухаўскай царквы. Рас. ліцейшчыкі Іван, Сцяпан і Максім Сініцы адлілі ў 1751 Дзісенскі звон. Замежныя майстры невядомага паходжання, якія рабілі З. для ВКЛ: Якаб Кеніг (Мазырская царква, 1632), Эмерыка Мерыцыяна (2-я пал. 17 ст.), Дзінкемаер (Півашуны, 1703), Амброзіус Іаган Пат (Мір, 1709 і 1710; Індура, 1722), Ян Тамашэвіч (Нясвіж, 1738), П.Мрочэк (Палавень, 1765), Антоній Пашкевіч (Янішкі, 1777).

Літаратура:

Brensztejn M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924;

Мілінкевіч А. З гісторыі званоў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 4;

Яго ж. Из истории колоколов Гродненщины // Из истории науки и техники Белоруссии. Мн., 1988;

Ганчарук І. Званы Адраджэння // Мастацтва Беларусі. 1990. № 2;

Яго ж. Звон «засьведчыў»... // Мастацтва. 1994. № 11;

Яго ж. Званы Гарадзеншчыны // Сьвіцязь. 1994. № 2;

Ліхач Т. Арганы і званы каталіцкіх касьцёлаў Беларусі XVII—XVIII стст. // Мастацтва. 1995. № 4;

Шырокава В.І. Звонавае ліццё на Беларусі: гісторыя і сучаснасць // V Международные Кирилло-Мефодиевские чтения, посвященные Дням славянской письменности и культуры (Минск, 24—26 мая 1999 г.): Материалы чтений. Мн., 2001. Ч. 1;

Martinaitienė G.M. XIV—XV a. LDK varpai // Menotyra. 2007. № 3.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

2017-10-25 08:55:01
Мы ценим ваше время и делим с вами общие цели. Ваши продажи для нас главный приоритет. оптимизация сайта быстро)логин скайпа SEO2000 оращайтесь договримся есть примеры работ логин скайпа SEO2000

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.