Артыкулы: злотніцтва
злотніцтва, ювелірная справа, рамяство па вырабу рэчаў з каштоўных металаў і камянёў. На бел. землях З. як рамяство існавала з часоў Кіеўскай Русі. Вырабы з золата і серабра знойдзены падчас рахеалагічных раскопак амаль ва ўсіх бел. гарадах. Буйнейшым цэнтрам З. ў 13 ст. быў Новагародак, дзе, як мяркуе Ф.Д.Гурэвіч, склалася карпарацыя ювеліраў. У ювелірнай вытворчасці ВКЛ вылучаюць некалькі груп майстроў паводле іх прававога статуса і характару вытворчай дзейнасці: манастырскія; незалежныя гарадскія (працавалі паводле «даўняга звычаю»); юрыздычане (майстры, якія залежалі ад уладальніка свецкай або духоўнай юрыдыкі ў горадзе); магнацкія сервітары; цэхавыя; прыдворныя злотнікі вял. князёў. Гэтыя групы аказвалі вял. уплыў друг на друга, ступень уздзеяння не была аднолькавай на ўсёй тэрыторыі ВКЛ, а таксама ў рамках аднаго горада на розных этапах яго гісторыі; на яе ўплывалі этнічнае асяроддзе і культурныя традыцыі. Адзначаецца пераход майстроў-ювеліраў з буйных у дробныя гарады і на гэтай аснове — пераход майстроў з адной групы ў іншую. Найбольш рэгламентаванай групай злотнікаў (залатароў) былі цэхавыя майстры. Ювелірныя цэхі мелі адладжаную ўнутраную структуру, развітую сістэму знешніх — міжцэхавых, міжсаслоўных, міжрэлігійных, міжнацыянальных сувязей. Першы вядомы злотнік ВКЛ — Якуб, майстар вял. князя літоўскага Гедзіміна (упамінаецца ў 1292, калі трон ВКЛ займаў яшчэ Віцень). Мяркуецца, што Якуб паходзіў з Рыгі. Гедзімін прымаў пры сваім двары і інш. злотнікаў. У 1422 згадваецца віленскі злотнік Маркус. З ВКЛ паходзіў вядомы кракаўскі злотнік Ян Літвін (упамінаецца ў 1440—60, з 1441 старшы кракаўскага цэха злотнікаў, з 1442 шматгадовы гарадскі лаўнік), у 1452 яго вучнем быў Ян з Вільні. У 1481 упамінаецца віленскі злотнік Клемент, у 1514 ён жыў у юрыдыцы капітула. Віленскі злотнік Пётр упамінаецца ў 1491—1516. У 1495 па ініцыятыве злотнікаў нямецкага паходжання вял. князь літоўскі Аляксандр у 1495 заснаваў у Вільні злотніцкі цэх (1-ы рамесны цэх у ВКЛ). Цэх ахопліваў майстроў нямецкага і польскага паходжання. У 1516 Жыгімонт І Стары пацвердзіў цэхавы статут. У 1544 віленскія злотнікі — літвіны і русіны — скардзіліся вял. князю, што мясцовыя злотнікі — немцы і палякі — не даюць ім мажлівасці займацца злотніцкім рамяством як асобам, якія не належаць да цэха, хоць раней яны свабодна ім займаліся; Жыгімонт І дазволіў працаваць злотнікам па-за цэхам. У 1547 Жыгімонт ІІ Аўгуст пацвердзіў статут віленскага цэха злотнікаў, а ў 1558 пастанавіў, каб усе віленскія злотнікі, не зважаючы на нацыянальнасць і веравызнанне, належалі да аднаго цэха (выключэнне было зроблена для братоў Фрыдэрыка і Базыля Шумленскіх). У 1582 Стафан Баторый пацвердзіў прывілей 1547 Жыгімонта ІІ Аўгуста і дапоўніў статут цэха. У 1596 Жыгімонт ІІІ пацвердзіў прывілей Стафана Баторыя і зноў дапоўніў статут. Вядомы імёны 115 віленскіх злотнікаў да канца 16 ст., сярод іх 48 немцаў (прыбылі з Гданьска, Нюрнберга, Караляўца, Эмдэма, Інгальштата, Франкфурта-на-Майне, Аўгсбурга, Страсбурга, Іахімсталя, Мекленбурга і інш.), 23 чал. перасяліліся з Польшчы (у асн. з Кракава). На вялікакняжацкім двары адзначаюцца італьянскія майстры (8 чал. з Венецыі, Вероны і Мантуі), 1 француз. У Вільні працавалі таксама злотнікі з Масковіі (2 чал.), галандзец, швейцарэц, венгр. Пасля 1544 адзначаецца наплыў злотнікаў з Польшчы. Мяркуецца, што ў сярэдзіне 17 ст. ў Вільні ўзнік яўрэйскі злотніцкі цэх. У 17—18 ст. сярод віленскіх злотнікаў трывалыя пазіцыі па-ранейшаму захоўвалі майстры нямецкага паходжання, аднак з сярэдзіны 18 ст. значна ўзмацніліся пазіцыі яўрэйскіх майстроў. Патронам злотнікаў лічыўся св. Элігій, яго выява змешчана на пячатках віленскага цэха злотнікаў.
У Коўне злотнікі вядомы з 1498, злотніцкі цэх утварыўся ў сярэдзіне 16 ст. У Гародні злотнікі фіксуюцца з 1539, іх цэх атрымаў статут у 1630, але ў 18 ст. ўжо не дзейнічаў, у 1789 у горадзе працавала 12 майстроў хрысціянаў — па 6 злотнікаў і ювеліраў, а таксама 7 злотнікаў-яўрэяй. У Берасці ў 1566 працавалі 4 злотнікі, у 1599 заснаваны цэх злотнікаў і мастакоў. У Магілёве злотнікі і сярэбранікі ўпамінаюцца з 1577, у 1629 прыняты статут цэха злотнікаў (было 10 майстроў), у 1635 да яго далучаны меднікі, канвісары і бляхары (у 1650 вылучаны); у 1745 у горадзе працаваў 1 злотнік, у 1765 — 6 злотнікаў. У Віцебску залатары ўпамінаюцца з 1596; у 1665 упрацавалі 2 злотнікі, з 1721 тут вядомы злотніцкі цэх. У Полацку залатары вядомы з 1502; у 1605 арганізаваны цэх металістаў, у які ўваходзілі таксама злотнікі; у сярэдзіне 17 ст. у горадзе працавала каля 20 злотнікаў, аднак большая частка з якіх была вывезена ў Маскву. Пінскія злотнікі ўпамінаюцца з пач. 16 ст.; у 1639 створаны аб’яднаны цэх, у які ўваходзілі злотнікі, кавалі, катляры і мечнікі; у 1783 у горадзе было 4 злотніка; у канцы 18 ст. злотнікі і сярэбранікі ўваходзілі ў аб’яднаны кавальскі цэх. У Новагародку злотнікі ўпамінаюцца з 1-й пал. 16 ст., у 1636 створаны злотніцкі цэх. У Менску ў 1591 створаны аб’яднаны цэх металістаў, куды ўваходзілі і злотнікі, у 1615 яны стварылі асобны цэх, аднак у 18 ст. зноў існаваў агульны цэх металістаў; у 1800 у горадзе працавала 56 злотнікаў. У Слуцку злотніцкі цэх існаваў у 1-й пал. 17 ст.; у 1728 у горадзе было 7 злотнікаў і 12 сярэбранікаў. Майстры-злотнікі, якія не ўваходзілі ў цэхі, працавалі ў Бабруйску, Давыд-Гарадку, Клецку, Міры, Нясвіжы, Слоніме, Шклове і інш. Залатары ў 1-й пал. 16 ст. адзначаюцца ў Кіеве, Жытоміры, Вінніцы, Уладзіміры, Луцку, Крэменцы, Астрозе, Дубно, Клявані, Лакачах, Сокалі, Сцепані і інш. укр. гарадах. Злотнікі Гародні, Менска, Берасця, Магілёва, Полацка, Віцебска і інш. прызнавалі аўтарытэт віленскага злотніцкага цэха як галоўнага адукацыйнага цэнтра ювеліраў ВКЛ. Усяго ў 1650—1750 пачатковае і майстэрскае навучанне ў віленскім цэху прайшлі больш як 250 чал. з розных гарадоў ВКЛ. Толькі ў 1660—1800 у віленскім цэху былі атэставаны каля 200 ювеліраў з Полацка, Слоніма, Дзісны, Глыбокага. У некаторых віленскіх ювелірных майстэрнях адначасова працавала да 10 вучняў і падмайстроў. Шэрагі злотнікаў ВКЛ пастаянна папаўняліся майстрамі — эмігрантамі з Германіі і Польшчы. Так, у 1730-я г. ў Клецку пасяліўся злотнік Гершан Сендыковіч з Любліна, а ў 1770-я г. ў Гародні — Ёган Тэадор Кёс. Сярод манастырскіх майстроў першапачаткова пераважалі, відаць, праваслаўныя, па меры ўмацавання каталіцтва раслі шэрагі кляштарных майстроў, у 2-й пал. 18 ст. пераважалі прадстаўнікі езуіцкага ордэна.
Заказчыкамі ювелірных вырабаў выступалі магнаты, заможная павятовая шляхта, царкоўная іерархія, гарадскі патрыцыят, купецтва. Злотнікі выраблялі мужскія і жаночыя ўпрыгожанні, прадметы рэлігійнага культу, парадныя сталовыя прыборы і начынні, аздаблялі вупраж і зброю, рэзалі пячаткі. З 15 ст. побач са злотнікамі ўпамінаюцца сярэбранікі, якія спецыялізвалаіся на вырабах з серабра, у 18 ст. ўпамінаюцца спецыялізаваныя майстры-ювеліры, што займаліся апрацоўкай каштоўных камянёў. Сярод вырабаў злотнікаў ВКЛ — Віленскі крыж, Калужскі крыж, Полацкі крыж, шаты абразоў. Найбольш старая шата з бел. зямель — шата Будслаўскага абраза Маці Божай (канец 16—1-я пал. 17 ст.), выкананая ў рэнесансным стылі, відаць, віленскім майстрам заходняй (італьянскай) арыентацыі.
З. ВКЛ разівалася пад уздзеяннем розных мастацкіх школ і этнічных традыцый. У першапачатковы перыяд былі моцнымі стараж.-рус. і візантыйскі ўплывы. З 14 ст. на З., асабліва ў зах. абласцях ВКЛ развівалася ў рэчышчы готыкі, потым рэнесансу, барока, ракако. Пры вытворчасці ювелірных вырабаў выкарыстоўваліся плаўка, коўка, вальцоўка, валачэнне, расклёпванне, пры іх фармаванні — гнуццё, праўка, выцягванне, пілаванне, свідраванне, пайка, штыфтаванне, плакіроўка, пры мастацкай апрацоўцы — шліфаванне, паліраванне, ажураванне, канфарэнне, гравіроўка, гільяшыраванне, траўленне, чаканка, цісненне басмай, інкрустацыя, скань, грануляванне, эмаліраванне, залачэнне, серабрэнне, наводка. Для сведчання якасці на ювелірныя вырабы ставіліся клемы. Віленскае цэхавыя клеймы мелі выяву св. Элігія і кубка, гарадскія — герба «Калюмны» і перакрыжаваных 4 рысак. Ювелірныя клеймы інш. гарадоў ВКЛ не вядомы.
Літаратура:
Максімава Э.С. Матэрыялы да гісторыі беларускага злотніцтва: (арнаментальнае мастацтва злотнікаў «віленскага кола») // Помнікі культуры: новыя адкрыцці. Мн., 1985;
Яе ж. Шата невядомага злотніка // Мастацтва Беларусі. 1985. № 7;
Яе ж. Ювелирное искусство Полоцка XVI—XVIII вв. // История и археология Полоцка и Полоцкой земли. Полоцк, 1987;
Яе ж. Давыд-гарадоцкія злотнікі XVII—XVIII стст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Мн., 1989;
Яе ж. История белорусского «злотництва": (от монастырских ювелиров к цеховым) // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яе ж. Мастацкія якасці шатаў абразоў XVI—першай паловы XVII ст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. Мн., 1994;
Пуцко В.Р. Бароўскі сярэбраны пацір // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Мн., 1989;
Яго ж. Гравіраваная сярэбраная шклянка з Бранска // Мастацтва. 1994. № 5;
Яго ж. Барочныя аправы цудадзейных абразоў Маці Божай // Барока ў Беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998;
Яго ж. Серебряная чарка с гербом Полоцка // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 2000. № 15;
Сас П.М. Феодальные города Украины в конце XV—60-х годах XVI в. Киев, 1989;
Цітоў А.К. Спіс злотнікаў Беларусі ў ХІІ—XVIII стст. // Гуманітарна-эканамічны веснік. 2001. № 1;
Яго ж. Лепшы злотнік Рэчы Паспалітай // Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Мн., 2008;
Яго ж. Злотнічныя цэнтры Беларусі (ад даўніх часоў — да пачатку XX ст.) // Архіварыус. Мн., 2009. Вып. 7;
Laucevičius E., Vitkauskienė B.R. Lietuvos auksakalystė XV—XIX amžius. Vilnius, 2001;
Vilniaus katedros lobynas. = VilniusCathedralTreasury. Vilnius, 2002;
Сінчук І. Juwel — значыць «каштоўны камень» // Мастацтва. 2004. № 1;
Błaszczyk G. Pochodzenie złotników wileńskich do końca XVI wieku // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 2005. Т. 11;
Auksakalystė XIII—XXa. T. 1—2. Vilnius, 2006—07;
Vitkauskienė B.R. Złotnictwo wileńskie: Ludzie i dzieła. XV—XVIII wiek. Warszawa, 2006;
Skarbieckatedrywileńskiej. Warszawa, 2008.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне