Артыкулы: змова 1481

змова 1481, змова князёў — нашчадкаў Уладзіміра Альгердавіча супраць вялікага князя Казіміра. Была выклікана аддаленнем гэтай старэйшай лініі Альгердавічаў (праваслаўных паводле веравызнання) ад паліт. улады ў ВКЛ і правоў на Вільню і Кіеў (у 1471 пасля смерці Сямёна Алелькавіча Кіеўскае княства ператворана ў ваяводства). З. арганізавана Міхаілам Алелькавічам, Фёдарам Іванавічам Бельскім (абодва — унукі Уладзіміра Альгердавіча), Іванам Юр’евічам Гальшанскім (праўнук Уладзіміра Альгердавіча па маці, Юльяне Алелькаўнай). Змоўшчыкі планавалі дэтранізаваць (магчыма, і забіць) Казіміра і пасадзіць на трон Міхаіла Алелькавіча. Захоп ці забойства Казіміра планавалася правесці ў час палявання. Паводле інш. версіі, для забойства змоўшчыкі збіраліся выкарыстаць вяселле Бельскага, на якое запрасілі Казіміра. На выпадак няўдачы з замахам змоўшчыкі планавалі аддзяленне ад ВКЛ зямель усх. Беларусі (да Бярэзіны) і Украіны з Кіевам і падпарадкаванне ўладзе вял. князя маскоўскага Івана ІІІ. Магчыма, змоўшчыкі спадзяваліся на актыўную падтрымку Масквы (у 1480 вяліся перагаворы пра шлюб пляменніцы Міхаіла Алелькавіча Алены — дачкі Еўдакіі Алелькаўны і малдоўскага гаспадара Стафана ІІІ з сынам Івана ІІІ Іванам Маладым). З. была выкрыта, як мяркуюць, з дапамогаю кіеўскіх баяр Хадкевічаў. Бельскі ўцёк у Маскву, Алелькавіч і Гальшанскі 30.8.1481 пакараны смерцю.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.