Артыкулы: Зэбжыдоўскага рокаш 1606—1609

Зэбжыдоўскага рокаш 1606—1609, Сандамірскі рокаш, узброенае выступленне шляхты Рэчы Паспалітай супраць абсалютысцкай палітыкі Жыгімонта ІІІ, узначаленае ваяводам кракаўскім Мікалаем Зэбжыдоўскім. Ракашане выступалі супраць планаў караля ўвесці спадчыннасць трона, абмежаваць паўнамоцтвы сойма і шляхецкія вольнасці. Калі на сойме ў сак.—крас. 1606 каралеўская партыя прапанавала праекты рэарганізацыі войска і скасавання прынцыпу аднагалосся ў сойме, незадаволеныя склікалі ў Стэнжыцы і Любліне шляхецкія з’езды. 10.8.1606 у процівагу сойму адкрыўся шляхецкі з’езд у Сандаміры, на які прыбылі і паслы з ВКЛ. Маршалкам з’езда абраны кальвініст падчашы ВКЛ Я.Радзівіл, які бачыў у рокашы сродак супрацьстаяць пракаталіцкай урадавай палітыцы. 20.8.1606 ракашане абвясцілі збор паспалітага рушэння, але пад націскам урадавых войск 3.10.1606 заключылі з каралём кампраміснае пагадненне. 24.6.1607 ракашане абвясцілі пра непаслушэнства каралю. Генеральная бітва паміж ракашанамі (больш за 6 тыс. жаўнераў і 1 тыс. шляхты) і каралеўскім войскам (больш за 12 тыс. кавалерыі і пяхоты) адбылася 5—6.7.1607 каля Гузава (Радамскае ваяв.). Радзівіл камандаваў левым крылом войска ракашан, яму супрацьстаяла правае крыло каралеўскага войска пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча. Ракашане былі разбіты, але працягвалі партызанскую барацьбу. У ВКЛ адбываліся сутычкі атрадаў Радзівіла і Хадкевіча. Канвакацыя сенатараў у Кракаве 9.6.1608 прыняла рашэнне аб дараванні ракашанам, калі тыя спыняць барацьбу. Рокаш скончыўся на кампрамісных умовах. На сойме 1609 ракашанам абвешчана амністыя, а Жыгімонт ІІІ яшчэ раз прысягнуў выконваць Генрыкавы артыкулы і захоўваць шляхецкія вольнасці. Хоць рокаш закрануў гал.ч. тэрыторыю Малой Польшчы, ён стаў першым супольным актам унутранай палітыкі шляхты Кароны Польскай і ВКЛ. Вынікам унутранай барацьбы стала падзенне аўтарытэту каралеўскай улады і рост уплыву магнатаў Рэчы Паспалітай.

Літаратура:

TyszkowskiK. Odgłosy rokoszowe na Litwie // Ateneum Wileńskie. 1923. № 1;

Maciszewski J. Wojna domowa w Polsce 1606—1609: Studia z dziejów kontrreformacji. Cz. 1. Od Stężycy do Janowca. Wrocław, 1960;

Wisner H. Litwa wobec rokoszu (1606—1607) // Kwartalnik historyczny. 1972. Z. 2;

Яго ж. Rokosz Zebrzydowskiego. Warszawa, 1989.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.