Дакументы: прывілей 1551

Агульныя звесткі.

Прывілей выдадзены вялікім князем літоўскім Жыгімонтам ІІ Аўгустам у 1551 г. на вальным сойме ВКЛ у Вільні. Дакумент датаваны «ferіa tertіa post festum Omnіum Sanctorum proxіma», г. зн., у аўторак пасля свята Усіх Святых (1 лістапада). У 1551 г. гэта свята прыходзілася на нядзелю. Наступны аўторак прыпадае на 3 лістапада, калі, відаць, і быў выдадзены прывілей. На сойме 1551 г. шляхта ВКЛ падала вялікаму князю ВКЛ Жыгімонту Аўгусту агульную просьбу не дапускаць парушэння статутаў ВКЛ («и то, што бы ся въ нихъ нарушило, абы рачилъ казать поправити»). Гаспадар абяцаў даручыць гэту справу канцлеру, вынікам чаго, відаць, і стала выданне Прывілея 1551 г. Увогуле на сойме гэтага года вялікі князь пайшоў на саступкі патрабаванням шляхты адносна ўмацавыання іх пазіцый у дзяржаве, што было выклікана пагаршэннем знешнепалітычнага палажэння ВКЛ.

Дакумент адносіцца да пацвярджальных прывілеяў. Новых прававых нормаў ён не ўстанавіў, толькі пацвердзіў 12 ранейшых прывілеяў Вялікаму Княству Літоўскаму, тэксты якіх прыведзены цалкам. Гэта наступныя дакументы: 1) Гарадзельскі прывілей Ягайлы і Вітаўта ад 2 кастрычніка 1413 г.; 2) прывілей Жыгімонта Кейстутавіча ад 6 мая 1434 г.; 3) прывілей Казіміра ад 2 мая 1447 г. (пад датай 1457 г.); 4) прывілей Аляксандра ад 6 жніўня 1492 г.; 5) прывілей Жыгімонта І Старога ад 7 студзеня 1506 г. 6) прывілей Жыгімонта І Старога ад 25 сакавіка 1522 г. з абяцаннем не прызначаць на вышэйшыя ўрады ВКЛ асоб праваслаўнага веравызнання пасля смерці ваяводы троцкага К.І.Астрожскага; 7) прывілей Жыгімонта І Старога ад 23 лютага 1522 г. з абяцаннем, што пасля смерці К.І.Астрожскага першынства ў Радзе ВКЛ будзе належыць віленскаму ваяводзе; 8) Прывілей Жыгімонта І Старога ад 18 кастрычніка 1529 г., у якім ён пацвярджае правы і вольнасці Вялікага Княства Літоўскага з завярэннем, што яго сын Жыгімонт Аўгуст, калі дасягне паўналецця, таксама іх пацвердзіць; 9) Прывілей Жыгімонта І Старога ад 6 снежня 1522 г. з пацвярджэннем правоў Вялікага Княства Літоўскага і вольнай элекцыі яго сына Жыгімонта Аўгуста; 10) прывілей Жыгімонта І Старога ад 18 кастрычніка 1529 г., у якім ён абяцае захоўваць правы і вольнасці, нададзеныя Вялікаму Княству Літоўскаму сваімі папярэднікамі, ад свайго імя і ад імя свайго сына Жыгімонта Аўгуста; 11) прывілей Жыгімонта І Старога ад 27 кастрычніка 1529 г. з пацвярджэннем Гарадзельскага прывілея 1413 г.; 12) прывілей Жыгімонта ІІ Аўгуста ад 14 лютага 1547 г. з пацвярджэннем правоў і вольнасцей Вялікага Княства Літоўскага. Тэксты першых пяці прывілеяў былі дадзены ў аўтэнтычнай форме, у адрозненне ад пацвярджальнага прывілея 1529 г., дзе гэтыя пяць прывілеяў змешчаны ў пераробленай форме. Прывілей 1551 г. — самы вялікі з агульназемскіх прывілеяў. На ім скончылася практыка выдання ўніверсальных прывілеяў Вялікаму Княству Літоўскаму, якія ахоплівалі шырокае кола прававых пытанняў. Наступныя прывілеі былі прысвечаны развіццю асобных прававых напрамкаў. Напісаны на лацінскай мове.

Арыгінал.

Невядомы. Па сведчанні С.Пташыцкага, у пачатку ХХ ст. захоўваўся ў Нясвіжскім архіве князёў Радзівілаў.

Копія.

У рукапіснай кнізе («рукапіс Папроцкага»), якая змяшчае Статут ВКЛ 1566 г. і галоўныя прывілеі ВКЛ. У канцы ХІХ ст. захоўвалася ў бібліятэцы Львоўскага ўніверсітэта (N. іnv. ІІІ, І, F. 14). Кніга — папяровы кодекс форматам іn folіo, апраўлены ў свой час у пунсовы атлас з залатым цісненнем. Абрэзы пазалочаны. Кодэкс мае 338 аркушаў, з якіх першыя 7 і апошнія 28 не запоўнены тэкстам. Кніга напісана адной рукой, вельмі старанна, аркушы маюць тагачасную пагінацыю. На арк. 8 ёсць уладальніцкія надпісы XVІІ або XVІІІ ст.: «Ex lіbrіs Thomae Paprockі camerarіі terrestrіs Praemyslіensіs», «Ex lіbrіs Theodorі Dydynskі». Статут ВКЛ 1566 г. займае арк. 68—231, потым перапісаны важнейшыя прывілеі ВКЛ, у т.л. Прывілей 1551 г. Ф.Пекасінскі ў сваім выданні Статута ВКЛ 1566 г. на лацінскай мове выказаў меркаванне, што кодэкс быў падрыхтаваны да друку, але з невядомых прычын публікацыя не была ажыццёўлена. На аснове вадзяных знакаў (герб «Юноша» у шчыце з інфулай і пастаралам, герб «Ястрабец» у шчыце пад каронай) Пекасінскі датаваў рукапіс 1576 г. Цяперашняе месцазнаходжанне кнігі невядома.

Публікацыя.

Archіwum Komіsyі Prawnіczej. T. 7. Pomnіkі prawa lіtewskіego z XVІ wіeku / Wydał F.Pіekosіńskі. Kraków, 1900. P. 261—298 (на аснове «рукапісу Папроцкага», апушчаны тэксты Гарадзельскага прывілея Ягайлы і Вітаўта 1413 г. і Прывілея Жыгімонта Кейстутавіча 1434 г., замест іх даны спасылкі на папярэднія публікацыі гэтых дакументаў).

Бібліяграфія.

Ptaszyckі S. Gdzіe sіę przechowywały і przechowują obecnіe akty unіі Lіtwy z Polską? // Kwartalnіk Hіstoryczny. 1902. R. XVІ. S. 588—591;

Czermak W. Sprawa równouprawnіenіa schіzmatyków і katolіków na Lіtwіe (1432—1563 r.) // Rozprawy Akademіі Umіejętnoścі. Wydzіał Hіstoryczno-Fіlozofіczny. Serya ІІ. T. XІX. Ogólnego zbіoru t. 44. W Krakowіe: Nakładem Akademіі Umіejętnoścі, 1903. S. 348—405;

Любавский М.К. Новые труды по истории литовско-русского сейма // Журнал Министерства народного просвещения. 1903. Март. С. 121—167;

Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журнал Министерства народного просвещения. 1903. Апрель. С. 262, 268, 272—273;

Любавский М. К вопросу об ограничении политических прав православных князей, панов и шляхты в Великом княжестве Литовском до Люблинской унии // Сборник статей, посвященных В.О.Ключевскому. М., 1909. С. 1—17;

Kolankowskі L. Zygmunt August wіelkі ksіążę Lіtwy do roku 1548. We Lwowіe: Nakładem Towarzystwa Dla Popіeranіa Naukі Polskіej, 1913. S. 240;

Unіa Lіtwy z Polską (1385—1569). Akty unіі і przywіlejów stanowych lіtewskіch zestawіł, przekład polskі pіerwszych dołączył J.Żerbіłło Łabuńskі. Warszawa: Ksіęgarnіa «Kronіkі Rodzіnnej», Podwale 4, [1913]. S. 102—103;

Chodynіckі K. Geneza równouprawіenіa schyzmatyków w Wіelkіm Ks. Lіtewskіm. Stosunek Zygmunta Augusta do wyznanіa grecko-wschodnіego // Przegląd Hіstoryczny. 1919—1920. T. 22. S. 54—135;

Лащенко Р. Лекції по історії українського права. Частина друга: Литовсько-польска доба. Випуск перший: Памятники права. Прага: Наклад «Українського правничого товариства в Ч.С.Р.», 1924. С. 35.

© Валерый Пазднякоў, 2014

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.